Жыхара Гомеля адпраўляюць у калонію за адміністраванне гістарычнага тг-канала
Жыхара Гомеля Мікіту Слепянка адпраўляюць на тры гады ў калонію ўзмоцненага рэжыму за адміністраванне гістарычнага тг-канала. Яго прызналі вінаватым у "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраванні ім".
Слепянку 22 гады. Крымінальную справу разглядаў Гомельскі абласны суд.
"Гомельская праўда" піша ў рэпартажы з суда, што Слепянок "пратэстныя думкі выказваў эмацыйна, не саромеўся ў выразах... выстаўляў у негатыўным святле расіян".
Мікіта Слепянок быў затрыманы ў красавіку сёлета за стварэнне культурніцка-гістарычнага тэлеграм-канала Rezystans, які МУС прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" (у яго было больш за 200 падпісчыкаў). Праваабаронцы прызналі хлопца палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.