Зімбабвійскую паліцыю плануюць апрануць у беларускую форму
Форму для зімбабвійскай паліцыі могуць пашыць у Беларусі. Такімі планамі з інфармагенцтвам БЕЛТА падзялілася кіраўніца канцэрна "Беллегпрам" Таццяна Лугіна.
Па яе словах, беларускія спецыялісты пацікавіліся, як у Зімбабве развіваюцца абутковая і гарбарная сферы. "Плюс да нас звярнулася міністр прамысловасці Зімбабвэ ў частцы тэхнічнай і кансультацыйнай дапамогі, каб мы, маючы пэўныя кампетэнцыі, дапамаглі ім, падказалі, у якім кірунку развіваць гарбарны бізнес", — кажа Лугіна.
Беларусь, маўляў, гатовая праз розныя схемы прапанаваць афрыканскім партнёрам увесь тэхналагічны ланцужок апрацоўкі шкур.
Акрамя таго, Лугіна расказала пра сустрэчу з кіраўніком мясцовай паліцыі: "Мы прывезлі вялікія каталогі, узоры нашых тканін з адмысловымі ўласцівасцямі, з рознымі апрэтамі. Прывезлі ўзоры нашага абутку спецыяльнага прызначэння, які можа пасаваць як ваенізаваным структурам, так і для спецвыкарыстання", — заяўляе яна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.