Зімоўскі: Першы ўкраінскі канал як БТ — аднолькавыя!

Беларусы, імаверна, змогуць глядзець украінскае тэлебачанне. Пра гэта падчас перамоў у Кіеве дамовіліся кіраўнікі Беларусі і Украіны. Мяркуецца, што трансляваць будуць Першы нацыянальны канал. Гэта стала вялікай нечаканасцю як для самога канала, так і для беларускіх чыноўнікаў з Мінінфармацыі. Так, начальнік упраўлення электронных СМІ Уладзімір Ядранцаў нават здзіўляецца пытанню Еўрарадыё, у якім выглядзе да беларускага гледача дойдзе ўкраінскі тэлеканал.

Уладзімер Ядранцаў: “Ну што вы хочаце! Гэта занадта рана: толькі размова адбылася, а вы адразу хочаце ўжо...”

Не ў меншай разгубленасці і кіраўніцтва Першага нацыянальнага канала. Да такой ступені, што нават сёння падчас вялікай агульнай планёркі пытанне беларускай трансляцыі нават… не абмяркоўвалі! У гэтым шчыра прызнаецца памочнік гендырэктара тэлеканала па працы са СМІ Святлана Прадко.

Святлана Прадко: “Мы цяпер толькі спрабуем разабрацца: хто, што, дзе, як? І як толькі мы ў найбліжэйшы час усё гэта высветлім, узгоднім, што, калі, каму і ўсё астатняе, то адразу зробім інфармацыйнае паведамленне”.

Ва Украіне шмат тэлеканалаў, але толькі адзін цалкам дзяржаўны і гэтак жа цалкам падкантрольны прэзідэнту, тлумачыць выбар канала для вяшчання на Беларусь старшыня праўлення Інстытута ўкраінскай палітыкі Косць Бандарэнка. Праўда, суразмоўца Еўрарадыё даволі скептычна ацэньвае узровень Першага нацыянальнага.

Косць Бандарэнка: “Першы нацыянальны канал пакуль што ў сваіх тэхналогіях, у інфармацыйным напаўненні і праграмах застаўся дзесьці далёка ў 80 ці 90-х гадах мінулага стагоддзя. Такім чынам, ён наўрад ці стане яскравай падзеяй у тэлевізійным жыцці Беларусі”.

Па словах Бандарэнкі, магчымасць транслявацца на Беларусь маюць толькі два ўкраінскія тэлеканалы: ужо названы Першы нацыянальны і канал “Інтэр”. Але “Інтэр” — прыватны, і таму выхад “на новы рэкламны рынак” аўтаматычна атрымлівае хай і не самы цікавы, але дзяржаўны тэлеканал.

Былы старшыня Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандр Зімоўскі наўпрост параўноўвае ўкраінскі Першы нацыянальны з айчынным БТ. І прыводзіць дадзеныя, паводле якіх гэты ўкраінскі канал “займае апошняе месца ў дваццатцы тэлеканалаў, якія каціруюцца сярод вымяральнікаў”. Ці будзе ён цікавы беларусам?

Аляксандр Зімоўскі: “Ці цікавы канал, які час ад часу транслюе ў жывым эфіры пасяджэнне Кабінета міністраў альбо дэбаты ў Вярхоўнай Радзе? Ну, можа будуць цікавыя дэбаты ў Радзе — для нас гэта добра забытае старое. А калі казаць пра астатні кантэнт, то ён вельмі слабы. Цяпер Украіна не набывае рускіх серыялаў, увогуле ніякіх рускіх праграм не набывае. Яны выкручваюцца ўласнымі сіламі, і як адно з рашэнняў — ставяць блокі Еўраньюса сабе. Я вам скажу: гэта як БТ, так і УТ-1 — аднолькава!”

Такім чынам, перабіць цікавасць беларусаў да расійскіх каналаў украінскі дзяржканал не зможа, упэўнены былы кіраўнік БТ. Затое гэта дасць магчымасць даводзіць інфармацыю, супярэчную той, што дае расійская прапаганда.

Аляксандр Зімоўскі: “Беларускае кіраўніцтва не хацела б вешаць антырасійскую прапаганду на свае тэлеканалы. Бо ў іх вельмі моцныя расійскія партнёры, якія хутка дадуць па вушах ці адмовяцца з беларускімі партнёрамі супрацоўнічаць, калі раптам беларускія тэлеканалы разгорнуць антырасійскую прапаганду самастойна. Напэўна, таму і запрошаны ўкраінскі тэлеканал, каб можна было сказаць: “Мы тут пры чым? У нас Украіна вяшчае, гэта іх пункт гледжання, а мы ў іх праграмную палітыку не лезем”.

Што да тэхнічных момантаў, то, кажа Аляксандр Зімоўскі, украінскі канал будзе вяшчаць на Беларусь самастойна. Для гэтага ён павінен альбо атрымаць частату, альбо доступ у кабельныя сеткі. А яго юрыдычным прадстаўніком будзе адна з тэлекампаній Беларусі. Хутка ўсё гэта не зробіцца, тлумачыць Зімоўскі, але і гадоў на тое, каб распачаць вяшчанне, не трэба: “Усё залежыць ад таго, хто стане партнёрам, якую частату аддадуць, і калі гэта будзе метровая частата, то — каго выкінуць з вяшчання дзеля ўкраінскага канала”. Праўда, варыянт з “выкідваннем” раіць сур’ёзна не разглядаць: хутчэй за ўсё ўкраінскі канал “завядуць у кабель”.

Фота: Еўрарадыё, з архіва Аляксандра Зімоўскага, Канстанціна Бандарэнкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі