Зіноўскі: Лукашэнка не патрабуе зрабіць сярэдні заробак 1000 руб. любым спосабам

Зіноўскі: Лукашэнка не патрабуе зрабіць сярэдні заробак 1000 руб. любым спосабам

Сёлета рост ВУП у Беларусі можа перавысіць 3,5% пры добрай кан'юнктуры на знешніх рынках. Такое меркаванне міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі выказаў у інтэрв'ю каналу АНТ.

Ён адзначыў, што на знешніх рынках складваюцца неблагія ўмовы, асабліва ў коштах на нафту і калійныя ўгнаенні. Беларусь можа выкарыстаць гэтую сітуацыю. 

Разам з тым чыноўнік лічыць, што рост эканомікі мусіць адбывацца не толькі за кошт сыравінных рэсурсаў і нафтаперапрацоўкі. "Трэба, каб расла вытворчасць на мадэрнізаваных прадпрыемствах. Гэта дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць і гэтак далей. Умовы для гэтага ёсць. Як вы ведаеце, прагноз наконт тэмпу росту ВУП на 2018 год — 103,5%. Першы квартал паказаў, што мы можам крыху хутчэй развівацца пры добрай кан'юнктуры на знешніх рынках. І атрымаць ВУП 105,1%", — заявіў Зіноўскі.

Міністр дадаў, што неабходна датрымоўвацца разумнага балансу паміж размеркаваннем бюджэтных сродкаў у сацыяльную сферу і мадэрнізацыю прадпрыемстваў. "У нас вялікі сегмент дзяржаўных прадпрыемстваў. І пад рэальныя інвестпраекты кропкава вылучаюцца сродкі. Аднак калі мы дапамагаем, укладваючы, скажам, 5 рублёў, то заўтра разлічваем, што прадпрыемства верне ў бюджэт на 7-10 рублёў больш у выглядзе падаткаў і іншых выплат", — патлумачыў міністр.

Атрыманыя дзякуючы добрай знешняй кан'юнктуры сродкі, па словах Зіноўскага, павінны ісці на скарачэнне знешніх даўгоў і павышэнне заробкаў. "Тысяча рублёў — заработная плата, пры гэтым не менш за 800 рублёў — у бюджэтнай сферы", — акрэсліў ён перспектывы. 

Дарэчы, сярэдні заробак у 1000 рублёў (500 долараў) — гэта пастаяннае абяцанне Аляксандра Лукашэнкі. Але Зіноўскі запэўнівае, што не ўсё так проста: "Я проста вам хачу сказаць, што ніколі любымі шляхамі ні ўрад, ні тым больш прэзідэнт не ставілі такой задачы. На канкрэтных прадпрыемствах павінна ўсё ж прадукцыйнасць працы апярэджваць рост заработнай платы, тады атрымаецца добры баланс, тады будзе расці заработная плата".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі