Зісер: Палітычная падаплёка справы стала відавочнай
Заснавальнік партала tut.by Юрый Зісер назваў "справу БЕЛТА" палітычнай. Пра гэта ён напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
7 жніўня на офісах tut.by і інфармагенцтва БелаПАН прайшлі ператрусы. Следчы камітэт паведаміў, што пачатая крымінальная справа па незаконным доступе да платнай інфармацыі агентва БЕЛТА. Былі затрыманыя некалькі супрацоўнікаў tut.by і БелаПАН. Пасля допытаў некаторых з іх адпусцілі. Дагэтуль затрыманыя застаюцца рэдактары tut.by Марына Золатава, Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік, Ганна Ермачонак і журналістка БелаПАН Таццяна Каравянкова.
Увечары 7 жніўня па тэлеканалах і на сайце газеты "СБ. Беларусь сегодня" былі абнародаваныя матэрыялы аператыўнай "праслушкі" супрацоўнікаў tut.by.
У сваім допісе Зісер паведаміў, што з офіса tut.by следчыя забралі з дзясятак сістэмных блокаў камп'ютараў. На яго думку, спецслужбы правяраюць і капіююць сабе ўсю ўнутраную інфармацыю кампаніі, у тым ліку карпарацыйную пошту, бухгалтэрыю і г.д. Такім чынам, яны атрымаюць звесткі не толькі пра ТАА "ТУТ БАЙ МЕДЫА", але і пра ўсе кампаніі, якія маюць дачыненне да Зісера. "Так што калі мне хто з вас пісаў лісты па працы, нашу перапіску прачытаюць", — перасцерагае ён.
Зісер падкрэсліў, што партал tut.by працягвае працаваць у звычайным рэжыме.
Разам з тым, ён змяніў сваё меркаванне наконт сутнасці самой "справы БЕЛТА". Зранку 7 жніўня ён адмаўляў, што гэта палітычная справа.
"З раніцы палітыка не была прыкметная. Аднак да канца дня падзея атрымала такія касмічныя маштабы адлюстравання ў розных дзяржаўных СМІ, зусім неадпаведныя сутнасці справы, што палітычная падаплёка стала відавочнай", — упэўнены Зісер.