Злотнікаў: Дзяржпрадпрыемствы не змаглі б набываць валюту па рыначным курсе
Таму дзяржава і марудзіць з выхадам на адзіны роўнаўзважаны курс, мяркуе эканаміст. Тым часам прыватнікі "выплываюць, як можаце", а банкі закрываюць абменнікі.
Еўрарадыё: Беларускія банкі пачалі закрываць пункты абмена валют. Ці ёсць верагоднасць што абменнікі ў нашай краіне калі-небудзь пачнуць адкрывацца, а не закрывацца?
Леанід Злотнікаў: “Верагоднасць канешне ёсць, бо гэта пытанне не эканамічнае, а палітычнае. Было б толькі жаданне... Можна зразбіць так, што за дзесяць дзён валюта будзе на ўсіх сегментах рынка, і ўсім яна будзе даступнай. У тым сэнсе што будзе адзін курс — рыначны, бо іншага даступнага для ўсіх ў нас быць не можа. Гэта залежыць толькі ад жадання ўладаў”.
Еўрарадыё: Да чаго ў перспектыве можа давесці закрыванне абменнікаў? Ці не закрыюцца яны ўсе? Ці не ператворымся мы ў Кубу пасярод Еўропы?
Леанід Злотнікаў: “Чаму б і не. Ёсць Паўночная Карэя, ёсць Куба. І ў нас часам навукоўцы пішуць, што трэба зрабіць як было калісьці ў Савецкім саюзе. Там жа не было абменных пунктаў, насельніцтва валюты не бачыла, а калі падпольных валютчыкаў лавілі на буйной аперацыі, іх проста расстрэльвалі. Мы ж будуем штосьці падобнае на сацыялізм сталінскіх часоў: тыя ж лозунгі, тыя ж жаданні ў кіраўніцтва. Толькі вось краіна маленькая... Таму так, як у былым СССР, пабудаваць усё немагчыма. А ўвогуле, калі ўлады не будуць баяцца таго, што згубяць кантроль — яны будуць працягваць у гэтым кірунку развіваць краіну. Улады ж увесь час кажуць, што праблем не будзе, што валюта будзе для усіх. Гэта добрыя намеры. І насамрэч ёсць такія намеры, афіцыйныя заявы такія ёсць. Але гэта не азначае, што яны будуць рэалізаваныя. Пры жаданні іх можна рэалізаваць, як я казаў, за дзесяць дзён”.
Еўрарадыё: А які ўплыў на банкаўскі сектар мае тое, што фактычна не працуюць абменнікі?
Леанід Злотнікаў: “Не думаю, каб асноўныя даходы банкаў былі ад абменных пунктаў, дзе прадаюць валюту насельніцтву. Асноўныя даходы банкаў — ад іншых аперацый. Вялікай праблемы для банкаў ад закрыцця некаторых абменнікаў не будзе”.
Еўрарадыё: МВФ заклікае Беларусь не зацягваць з адзіным курсам. І па вашых словах, таксама гэта вырашыла бым праблему. Чаму тады улады не ідуць на гэты крок?
Леанід Злотнікаў: “Я думаю, праблема ў тым, штоо валюта па гэтым адзіным курсе будзе недаступная большасці дзяржаўных прадпрыемстваў. Пацерпяць менавіта яны, бо прыватны сектар зможа набываць валюту і па больш высокім курсе. Прыватны сектар больш актыўны, больш рухомы, больш эфектыўны, таму ён зможа акупіць свае затраты на закупку валютлы і па такім курсе. А вось многія дзяржаўныя прадпрыемствы — не. Таму дзяржава прыняла рашэнне на карысць сваіх прадпрыемстваў, дзяржаўных. А прыватныя — выплывайце, як можаце, а можаце тапіцца”.
Еўрарадыё: Эксперт МВФ заўважыла таксама, што адным увядзеннем такога адзінага курсу праблема не вырашыцца. Ці вы з гэтым згодныя?
Леанід Злотнікаў: “Сапраўды, нашыя праблемы звязаныя найперш з неэфектыўнасцю эканомікі. Праблемы звязаныя з тым, што мы раней спажывалі больш, чым давала наша эканоміка. Таму што бралі ў крэдыт і жылі ў крэдыт. Зараз крэдытаў пачалі даваць менш, таму адразу неэфектыўнасць нашай эканомікі агалілася. Давялося зацягваць пасы. А валютны курс — гэта тэрмометр, разумееце, які мерае тэмпературу эканомікі. Не тэрмометр жа з’яўзляецца прычынай хваробы, хвароба заўжды дзесьці глыбей”.