Змітра Дашкевіча пазбаўляюць не толькі машыны, але і правоў кіроўцы
У Змітра Дашкевіча могуць забраць не толькі машыну, але і правы кіроўцы. Пра гэта апазіцыянер паведаміў у сваім акаўнце на Фэйсбуку.
Як паведамляла Еўрарадыё, 25 студзеня судовыя прыставы без папярэджання прыйшлі канфіскоўваць машыну лідара "Маладога фронту" за неаплочаныя штрафы пасля вулічных акцыяў. Паколькі яны адмаўляліся паказаць дакументы, то Дашкевіч сеў у аўтамабіль і спрабаваў з'ехаць. Пры гэтым адна з прысутных прыставаў заявіла, што ён наехаў ёй на нагу. Цяпер з гэтай нагоды на Дашкевіча афармляюць новы пратакол.
"Машыны апынулася мала, будуць забіраць і правы. Учора пад ноч Людміла Клыга вырашыла, што ў яе баліць нага і звярнулася да лекараў, якія вызначылі "ушыб". Зараз той жа ДАІшнік, які ўчора казаў, што няма падставаў для адмінсправы па ДТЗ, і намякаў прыставам, што, кідаючыся на машыну, яны стваралі самі аварыйную сітуацыю, — сёння ён жа афармляе ДТЗ з пацярпелай Клыгай. З іншага боку, як няма машыны, то на якую халеру і правы — усё лагічна! ) Але барацьба працягваецца — прыйдзе дзень, і ўсё вернем! На днях, а тое і раней нават! Жыве!" — напісаў апазіцыянер.
У Дашкевіча ёсць 10 дзён на тое, каб абскардзіць дзеянні судовых выканаўцаў і вярнуць аўтамабіль.