Знаўцы адмаўляюцца здымацца ў "Што? Дзе? Калі?" на АНТ
Вядучы беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?" Алесь Мухін / uchastniki.com
"Каманда Ільі Барады не згуляе ў новым сезоне беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?". Нас запрасілі — мы адмовіліся", — расказвае Еўрарадыё ўладальнік "Малой Хрустальнай савы" клуба знаўцаў Антон Іокаў.
Як даведалася Еўрарадыё, многія гульцы беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?" не хочуць здымацца на тэлеканале АНТ. Пасля выбараў канал заняў адкрыта праўладную пазіцыю і пачаў паліваць брудам пратэстоўцаў. Не ўсе згодныя знаходзіцца ў эфірнай сетцы побач з прапагандай. Таму ў вясновай серыі гульняў "Што? Дзе? Калі?" 2021 года тэлегледачы ўбачаць шмат новых твараў.
У лютым тэлеклуб правёў адбор знаўцаў у новыя каманды. Крыніца Еўрарадыё, знаёмая з сітуацыяй, кажа, што ў абноўленыя каманды трапілі не больш за дзесяць гульцоў з тых, якія ўжо садзіліся за люстраны стол (усяго ў спісе знаўцаў тэлеклуба сёння больш за 80 чалавек). Астатнім або не прапаноўвалі ўдзельнічаць у гэтай серыі, або яны адмовіліся гуляць — як каманда Ільі Барады.
Зрэшты, іншыя знаўцы інфармацыю пра адмову ўдзельнічаць у тэлездымцы каментуюць неахвотна. Маўляў, "магчыма, гэтыя чуткі небеспадстаўныя", але казаць нешта ад свайго імя не хочам.
Мінус "Кентаўр", плюс Dana?
Акрамя таго, тэлеклуб "Што? Дзе? Калі?" страціў аднаго з бізнес-партнёраў — страхавое таварыства "Кентаўр", прадстаўнік якога абараняў інтарэсы тэлегледачоў. Генеральны дырэктар "Кентаўра" Сяргей Прохарчык звязвае гэта ў першую чаргу з пандэміяй: "Трэба думаць пра людзей".
"Перадача выдатная, але пандэмія не скончылася. Медыкі прагназуюць трэцюю хвалю каранавіруса — людзі паміраюць, калі на тое. Падчас здымкі ўдзельнікі досыць шчыльна стаяць адно да аднаго. Атрымліваецца, трэба альбо надзяваць маскі, альбо нікога не запрашаць. Гэта ламае звыклы фармат праграмы. Так што асабіста маё меркаванне — лепш перачакаць", — расказвае ён Еўрарадыё.
Што да адмоваў з боку знаўцаў — па словах Прохарчыка, вядучы гульні Алесь Мухін расказвае, што іх таксама бянтэжыць у першую чаргу каранавірус.
"Асабіста я б сітуацыю не палітызаваў, але гэта маё меркаванне, — працягвае гендырэктар "Кентаўра". — Што да знаўцаў — іх права адмаўляцца ад удзелу ў праграме з любых прычын. Я іх пункт гледжання [маецца на ўвазе нежаданне здымацца на тэлеканале АНТ. — Еўрарадыё], калі такі існуе, паважаю".
У ААТ "Беларускі народны банк" Еўрарадыё расказалі, што захоўваюць статус партнёра беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?". Прадстаўнік банка працягне абараняць інтарэсы знаўцаў.
Акрамя таго, гавораць пра тое, што новым партнёрам беларускага тэлеклуба "Што? Дзе? Калі?" стане група будаўнічых кампаній Dana. Аднак праверыць гэту інфармацыю ў Еўрарадыё не атрымалася.
Вядучы "Што? Дзе? Калі?", вядомы беларускі знаўца Алесь Мухін не хоча каментаваць сітуацыю з вясновай серыяй да таго, як гульні не выйдуць у эфір: "Усё можа яшчэ сорак разоў памяняцца — баішся куды-небудзь дзьмухнуць".
"Мы плануем выходзіць у эфір 2 красавіка, дзе і збіраемся расказаць пра ўсе нашы навіны, — расказвае Еўрарадыё Мухін. — Перадачу пакажуць па тэлеканале АНТ, ліцэнзія з Масквой падоўжаная".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.