170 парламентароў з усёй Еўропы звярнуліся да кіраўнікоў беларускіх турмаў
170 парламентароў з 16 еўрапейскіх краін падпісалі сумесны зварот. Ён будзе адпраўлены ў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі і кіраўнікам 48 беларускіх турмаў, дзе трымаюць палітвязняў.
Еўрадэпутаты заклікаюць кіраўнікоў турмаў спыніць усе парушэнні і ўшчамленні правоў зняволеных ва ўсіх беларускіх месцах несвабоды.
"Мы ведаем, што затрыманых змяшчаюць у перапоўненыя памяшканні без належнага адзення, сродкаў асабістай гігіены і пасцельных прыналежнасцяў. Мы ведаем, што вязням адмаўляюць у атрыманні лістоў і пасылак, у сустрэчах з іх сем'ямі і ў доступе да належнага юрыдычнага прадстаўніцтва. Мы ведаем, што зняволеным, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, часта адмаўляюць у доступе да лекараў і неабходных леках, а палітычных зняволеных адпраўляюць у карцары для аказання на іх ціску з-за іх палітычных поглядаў", — пералічваюць дэпутаты парушэнні правоў, якія ў Беларусі зазнаюць вязні.
Пад лістом пакінулі подпісы парламентары з Аўстрыі, Францыі, Германіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, Партугаліі, Румыніі, Шатландыі, Славакіі, Іспаніі, Швецыі ды Швейцарыі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.