22 верасня ў продаж паступяць 700 квіткоў на матч БАТЭ — "Рома"
22 верасня ў продаж паступяць больш за 700 квіткоў на футбольны матч паміж барысаўскім БАТЭ і італьянскай "Ромай". Гэта будзе першы хатні паядынак барысаўскага клуба ў рамках групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў-2015/16.
Гульня на "Барысаў-Арэне" пройдзе 29 верасня. Яе пачатак прызначаны на 21.45.
Раней паведамлялася, што ўсе квіткі на гульні БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў прададзеныя. Новая партыя квіткоў, якія трапяць у продаж — гэта квота УЕФА, ад якой адмовілася міжнародная арганізацыя.
Як паведамляе сайт БАТЭ, заўзятары змогуць набыць квіткі трох катэгорыяў:
1-й — 400 тысяч рублёў;
2-й — 250 тысяч рублёў;
3-й — 200 тысяч рублёў.
Продаж квіткоў будзе адбывацца ў касах "Барысаў-Арэны" (Барысаў, вул. Гагарына, 119. Час працы: аўторак — пятніца, 10.00-18.00, абед 15.00-15.30) і ў офісе "Цікетпро" (Мінск, пр. Машэрава, 25. Час працы: аўторак — пятніца, 10.00-20.00). У адны рукі будзе прадавацца не больш за два квіткі.
Нагадаем, што ў першай еўракубкавай гульні БАТЭ на выездзе прайграў нямецкаму "Баеру" з лікам 1:4.