23 былыя міліцыянты вернуць грошы за вучобу

Больш за 315 мільёнаў рублёў спагналі паводле позваў пракурораў у Брэсцкай вобласці з маладых спецыялістаў, тых былых студэнтаў-бюджэтнікаў, якія не адпрацавалі вызначаны тэрмін па месцы свайго размеркавання.
У прыватнасці, позвы былі накіраваныя 23 міліцыянерам, якія не выканалі ўмоваў кантракту, 8 выпускнікам цывільных ВНУ і 60 асобам, якія навучаліся за кошт цэнтраў занятасці. Па словах старшага пракурора Брэсцкай абласной пракуратуры Вольгі Дзмітрук, заняцца гэтай праблемай пракуратуру вымусілі шматлікія звароты працадаўцаў.

Вольга Дзмітрук: “Калі выпускнік не з’яўляецца на працу па месцы размеркавання, яго наймальнік пачынае яго шукаць па месцы жыхарства. Пракурор працуе з гэтым маладым спецыялістам, папярэджвае, што трэба ехаць. Калі ён не едзе, з яго спаганяюць затрачаныя на навучанне грошы.

Што тычыцца МУС, то там размова ідзе аб супрацоўніках, якія прыбылі на месца працы, але былі звольненыя за дыскрэдытуючыя ўчынкі. Яшчэ мы спаганяем грошы з тых, каго падрыхтавалі цэнтры занятасці, а яны потым не ідуць на працу”.


З навучэнцаў цэнтраў занятасці на карысць дзяржавы спаганяюць суму памерам у некалькі соцень тысяч рублёў. Студэнтам неабходна адшукаць ад 8 да 10 мільёнаў адступных. Навучанне работнікаў праваахоўных органаў каштуе яшчэ больш – каля 16 мільёнаў рублёў.

Да ўсяго, студэнты ў форме мусяць адпрацаваць па размеркаванні не 2, як цывільныя, а 5 гадоў. І вяртаць усю суму ў поўным памеры яны вымушаныя нават у тым выпадку, калі паспелі да свайго звальнення адпрацаваць 4 з іх. Іншага выйсця, па словах Вольгі Дзмітрук, яны проста не маюць.

Вольга Дзмітрук: “Чалавек, на якога складзены пазоў, зацікаўлены ў тым, каб па ім разлічыцца. У адваротным выпадку АВІР ніколі не адкрые яму візу. Ён не можа нічога набыць сабе каштоўнага, бо судовыя выканаўцы гэта адразу канфіскуюць”.

Сярод студэнтаў, міліцыянтаў і тых, каго накіравалі на перанавучанне цэнтры занятасці, паводзіны апошніх падаюцца самымі незразумелымі. Студэнты не хочуць ехаць на вёску, міліцыянты банальна пагарэлі. Перавучвацца ж ішлі людзі, якія не маглі знайсці працу па сваёй спецыяльнасці. Чаму не давучваюцца альбо не ідуць на працу пасля курсаў гэтыя людзі?

Цімур Шуман з вёскі Азяты Жабінкаўскага раёна па адукацыі настаўнік фізікі і матэматыкі. Жабінкаўскі цэнтр занятасці накіраваў яго для перакваліфікацыі вучыцца ў філіял БДУ у горадзе Брэсце на спецфакультэт бізнэсу і інфармтэхналогій.

На адным з іспытаў мужчыне стала дрэнна, ён звярнуўся ў лякарню і яму далі бальнічны на 5 дзён. Пасля гэтага здароўе Цімура не палепшылася, і ён вырашыў адмовіцца ад вучобы.

Цімур Шуман: “У мяне было вызваленне на 5 дзён. А потым я патлумачыў, што больш навучацца не магу – 5 дзён праляжаў, а здароўе не паляпшаецца. Ад мяне запатрабавалі даведку ВГК. Я звернуўся ў паліклініку, але там сказалі, што ў маім узросце і для такіх устаноў даведак не даюць. Дзецям, студэнтам -- так…

Як высветлілася, мяне дэзінфармавалі, і патрэбна была звычайначя даведка аб тым, што мне не рэкамендавана далейшае навучанне”.

У выніку, праз паўтара месяцы, на працягу якіх былы настаўнік не хадзіў на зяняткі, яго адлічылі за прагулы. А праз тры месяцы прыйшло паведамленне з пракуратуры. Пазоў Цімуру Шуману складае 605 тысяч рублёў.

Мужчына да гэтага часу хварэе і не працуе. Як будзе разлічвацца з дзяржавай, не вядома. Затое вядома, што судовыя выканаўцы могуць проста прыйсці і апісаць маёмасць.

Старшы пракурор Брэсцкай аблпракуратуры Вольга Дзмітрук лічыць, што ўсе штрафнікі былі пакараныя правільна.

Вольга Дзмітрук: “Трэба працаваць, выконваць свае забавязанні -- і не будзе ніякіх непрыемнасцяў. А то ў нас дзяўчаты інязы пазаканчваюць па накіраванні з сельскай школы, нібыта, а самі дзе знаходзяцца? У Англіі ды Францыі”.

Можа, дзяўчаты і сапраўды там. А вось непрацаздольны Цімур Шуман у сваёй вёсцы, без працы і грошай. Можа, усё ж такі трэба да кожнага выпадку падыходзіць больш індывідуальна? Каб канчаткова не зламаць лёс людзей.


Фота — photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі