26-ы "Лістапад": "Возера радасці", Лаўрэцкі, Ксаўе Далан і канец цэнзуры
listapad.com
Леташні Нацыянальны конкурс кінафестывалю "Лістапад" запомніўся скандалам з цэнзурай. Тады канчатковае рашэнне вылучаць ці не вылучаць фільм было ў Мінкульта. У выніку на конкурс не дапусцілі некалькі фільмаў, а некаторыя аўтары адклікалі свае працы ў знак пратэсту. Цяпер сітуацыя быццам бы выправілася. Так, дакументальная карціна "Стрыптыз і вайна" Андрэя Куцілы, якая не патрапіла ў леташнюю праграму, гэтым разам усё ж такі будзе паказаная на фестывалі. Дырэкцыя запэўнівае, што сёлета з Мінкультам знойдзена агульная мова:
"Сапраўды, у мінулым была сітуацыя, калі дырэкцыя фестывалю не несла поўнай адказнасці за праграму. Сёлета працэс адбыўся ў рабочым парадку, праграма, якая прадстаўлена сёння, адпавядае думцы дырэкцыі, у гэтым плане быў дасягнуты кансэнсус", — растлумачыў каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк.
Дваццаць шосты "Лістапад" пройдзе ў Мінску з першага да восьмага лістапада. Агульны бюджэт сёлета склаў 450 тысяч долараў, што, па запэўненні арганізатараў, вельмі сціплая лічба ў параўнанні з іншымі міжнароднымі фестывалямі.
Нацыянальны конкурс не без спрэчных момантаў
Ужо шосты раз на "Лістападзе" праходзіць Нацыянальны конкурс, дзе ў намінацыях "Ігравое кіно", "Дакументальнае кіно" і "Анімацыйнае кіно" беларускія фільмы змагаюцца за першынство.
Сёлета конкурс ігравога кіно аказаўся зусім невялікім, усяго пяць фільмаў: камерная драма "Пляж/Лес/Тамбур" Кірыла Галіцкага і Святланы Казлоўскай, эма-хорар "Сашава пекла" Мікіты Лаўрэцкага, фільм па матывах рамана Віктара Марціновіча "Возера радасці" Аляксея Палуяна, новы фільм пераможцы нацыянальнага конкурсу 2017 года "Апошні дзень гэтага лета" Юліі Шатун і Мікіты Аляксандрава і "1986" Латара Херцага.
Апошні фільм выклікаў спрэчкі наконт таго, наколькі абгрунтавана трапіў у Нацыянальны конкурс. Бо рэжысёр, сцэнарыст, здымачная каманда і фінансаванне цалкам нямецкае. Каардынатар Нацыянальнага конкурсу Мікалай Лаўранюк растлумачыў рашэнне дырэкцыі тым, што фільм цалкам зняты ў Беларусі і абсалютна аўтэнтычны:
"Мы не адчуваем тут нейкай фальшы або ўмоўнасці, якая часта адчуваецца ў работах замежных рэжысёраў пра Беларусь ці нейкую іншую краіну. У фільме прымала ўдзел вялікая колькасць беларускіх кінематаграфістаў і тыя ж Кірыл Галіцкі і Мікіта Лаўрэцкі. Мне здаецца, яны шмат што прыўнеслі, таму тут дырэкцыя пайшла на такі крок і ўключыла гэты фільм у конкурс. Тэматычна ён закранае і сучасную Беларусь, і ў той жа час боль і траўму чарнобыльскай трагедыі".
Дакументальнае кіно: ЖЭС-арт, сляпыя футбалісты і прыёмныя дзеці
Нацыянальны конкурс дакументальнага кіно сёлета складаецца з дзевяці карцін. Арганізатары кажуць, што па ўзроўні праграма адпавядае міжнароднай праграме добрага фестывалю.
- Фільм пра зборную невідушчых людзей па футболе "Трэнер" Вольгі Абрамчык.
- Інтымная спроба вывучэння адносін маладой пары ў "Гульні ў класікі" Дар'і Дэмура.
- Гісторыі раздзеленых па розных сем'ях прыёмных дзяцей у карціне "Адна сям'я" Наталлі Жамойдзік.
- Вывучэнне невялікіх і схаваных ад вачэй грамадства гісторый і людзей у фільме "Хронікі ртуці" Сашы Кулак і Бэн Геза.
- Жыццё пажылых людзей у цэнтры сацыяльнага догляду ў "Перазімаваць" Ева-Кацярыны Махавай.
- Асабістая гісторыя адносін з сям'ёй пажылой жанчыны, што засталася ў Крыме пасля 2014 года ў "Мая бабуля з Марса" Аляксандра Міхалковіча.
- Гістарычная документалка "Вялікае падарожжа князя Мікалая Хрыстафора Радзівіла Сіроткі" Юрыя Цімафеева.
- Карціна пра Мінск і ЖЭС-арт "Чыстае мастацтва" Максіма Шведа.
- Нашумелы на фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме фільм "Summa" Андрэя Куцілы.
У Нацыянальным конкурсе анімацыйных фільмаў будзе змагацца шэсць мультфільмаў вытворчасці "Беларусьфільма". Гэта "Прыгажун і пачвара" Наталлі Дарвінай, "Дантэ. Беатрычэ" Ірыны Кадзюковай, "Паданне пра гуслі" Таццяны Кубліцкай, "Чартапалох" Яўгена Надтачэя, "Магістр вольных мастацтваў" Алены Пяткевіч і "Найлепшае месца на зямлі" Ірыны Тарасавай.
Пазаконкурснае кіно: Кшыштаф Занусі, Ксаўе Далан і Аляксандр Лунгін
З бонусаў: будуць арганізаваны спецыяльныя паказы новага фільма Кшыштафа Занусі "Эфір" пра ваеннага доктара, які ставіць эксперыменты над людзьмі.
Ёсць магчымасць паглядзець "Генезіс" канадскага рэжысёра Філіпа Лесажа пра непазбежныя трагедыі юнацтва: першае каханне, пакутлівы пошук сябе і барацьбу за ўласныя ідэалы, якія перастаюць здавацца непарушнымі.
А яшчэ будуць круціць новы фільм беларускай рэжысёркі Улады Сяньковай "II" пра трох падлеткаў, якія вучацца разам у дзясятым класе і жывуць звычайным жыццём падлеткаў. Але аднойчы гэты маленькі свет узрушыць навіна, з-за якой усе страхі і забабоны вылезуць вонкі.
У рамках праграмы "Майстар-клас" будзе паказаны фільм Ксаўе Далана "Матыяс і Максім" пра двух неразлучных сяброў Матыяса і Максіма, што аказваюцца на здымачнай пляцоўцы кароткаметражкі. Але, як заўсёды, нешта пойдзе не так. Таксама ў гэтай праграме будуць паказаны фільмы "Спыненне" рэжысёра Лаў Дыяса, "Жанна" Бруно Дзюмона, "Возера дзікіх гусей" Дзяа Інаня, "Праўда" Хіракадзу Корэ-Ада, "Анталогія горада-здані" Дэні Катэ, "Адной чароўнай ноччу" Крыстофа Анарэ і "Асцярожна — дзеці!" Даг Ёхана Хёўгеруда.
Расійскае кіно сёлета не ўрадзіла. На фестывалі прадставяць усяго два фільмы, адзін з якіх — "Вялікая паэзія" Аляксандра Лунгіна пра двух братоў, якія працуюць інкасатарамі і ў нейкі момант вырашаюць пайсці на рабаванне.
Усяго ў пазаконкурснай праграме плануецца паказаць больш за 60 фільмаў рэжысёраў самага рознага калібру: ад мастадонтаў накшталт Роя Андэрсана з яго новым фільмам "Пра бясконцасць" да іранскіх і філіпінскіх рэжысёраў накшталт Бакшы Магадама з дакументальным фільмам "Дом для цябе" і Лаў Дыясам з карцінай "Спыненне". Поўная праграма "Лістапада" хутка будзе даступная на сайце фестывалю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.