50 долараў на Краўчанку: хто паедзе паслом Беларусі ў ЗША
Намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка / "Фэйсбук" МЗС
Міністр замежных спраў Уладзімір Макей расказаў Еўрарадыё, што на працягу некалькіх месяцаў Беларусь гатова адправіць пасла ў ЗША. У міністра ўжо ёсць спіс кандыдатаў, але прозвішчы пакуль не агучваюцца.
Беларускага пасла не было ў ЗША 12 гадоў. Хто гэта будзе? Моцны гаспадарнік? Заходнік? Жалезабетонны ідэолаг? Мы прапанавалі экспертам паразважаць, каму дастанецца вакансія, і зрабіць свае стаўкі.
“Сямашку туды не адправіш”
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман лічыць, што найбольш відавочная кандыдатура на пасаду пасла Беларусі ў ЗША — гэта намеснік міністра замежных спраў Алег Краўчанка. На яго думку, "улічваючы важнасць краіны", у Вашынгтон наўрад ці стануць прызначаць невядомага дыпламата:
"Таму альбо ён, альбо асоба калібра Алены Купчыной. Туды павінны накіроўвацца дыпламаты, якія ўжо займалі высокія пасады ў МЗС, незалежна ад таго, чым яны займаюцца цяпер".
Шрайбман заўважае, што "ЗША — гэта не проста краіна, куды трэба працаўладкаваць важнага чыноўніка". Важна ведаць спецыфіку работы амерыканскай бюракратыі. Таму пул кандыдатаў невялікі.
"Умоўна кажучы, Сямашку туды не адправіш, — тлумачыць ён. — Абавязкова патрэбны чалавек з добрай англійскай мовай, досведам працы альбо ў Заходняй Еўропе, альбо ў ЗША. У Беларусі, напэўна, ніхто не разумее гэтую краіну лепш, чым Краўчанка, які правёў там шмат часу і ў апошнія гады адказваў у МЗС за Еўропу і Амерыку".
“Лепш каб паслом быў дасведчаны дыпламат”
Магістр паліталогіі Дзяніс Мельянцоў думае, што, акрамя самога Макея, месца пасла маглі б заняць начальнік галоўнага ўпраўлення Еўропы і Паўночнай Амерыкі Андрэй Бушыла альбо ўжо згаданы Алег Краўчанка. Аргументы, увогуле ж, тыя ж, што і ў Шрайбмана.
"Ён працаваў у пасольстве Беларусі ў ЗША, у апошні час шмат сустрэч праводзіў у Вашынгтоне, ведае ўсіх дзеючых асоб, — пералічвае палітолаг лепшыя бакі свайго кандыдата. — Прызначэнне Краўчанкі — гэта найбольш верагодны сцэнар. Але грашовыя стаўкі я б не рабіў, таму што ў нас рашэнні могуць прымацца насуперак логіцы, якой кіруюцца эксперты".
На думку Мельянцова, і Бушыла, і Краўчанка — людзі камандныя: будуць дзейнічаць, зыходзячы з нацыянальных інтарэсаў, выконваючы рашэнні, прынятыя на высокім узроўні. Эксперт лічыць, што ў сітуацыі, калі нашы адносіны з ЗША знаходзяцца "на першасным узроўні нармалізацыі, лепш каб паслом быў дасведчаны дыпламат".
З іншага боку, уладзе можа здацца, што на пасаду лепш прызначыць якога-небудзь гаспадарніка, які разбіраецца ў эканамічных і палітычных пытаннях на ўзроўні дзяржавы. У такой сітуацыі цяжка сказаць, ці будзе гэта міністр эканомікі, былы міністр эканомікі ці нават кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта.
“Кадравая палітыка Лукашэнкі непрадказальная”
Незалежны аналітык Сяргей Чалы кажа, што яму без розніцы, хто будзе паслом Беларусі ў ЗША.
"Хіба ад пасла нешта залежыць? — тлумачыць ён. — У нас паслы кім працуюць? Прадаўцамі нашай прадукцыі [ў 2016 годзе Лукашэнка патрабаваў ад дыпламатаў "прадаваць прадукцыю" беларускіх прадпрыемстваў. — Еўрарадыё]! Але ў нас гандлю з Амерыкай практычна няма. Мне ў галаву ніхто не прыходзіць.
Я не памятаю, каб да гэтага былі нейкія паслы, якія чагосьці дамагаліся. Які сэнс гадаць, калі цяпер ніхто не ўспомніць ніводнага пасла, акрамя Латушкі, які скардзіўся, што нашы трактары не прадаюцца. Для пачатку хай бы хоць мова нармальная англійская ў каго-небудзь была".
Не захацеў рабіць стаўку і палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Ён перакананы, што "кадравая палітыка Лукашэнкі — непрадказальная".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.