8 траўня мінскія ўлады усё ж дазволілі акцыю “Несмяротны полк”
Мінскія ўлады дазволілі акцыю “Несмяротны полк”. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі актывісты моладзевага сацыяльна-культурнага грамадскага аб'яднання “Русь маладая”. 9 траўня яны збіраюцца ўдзельнічаць у шэсці.
“Акцыя “Несмяротны полк” сёння [8 траўня. ― Еўрарадыё] афіцыйна дазволеная, ― распавялі нам. ― Шэсце адбудзецца ад плошчы Якуба Коласа да плошчы Перамогі [у Мінску]”.
8 траўня маладыя людзі з “Русі маладой” раздавалі ў цэнтры Мінска георгіеўскія стужкі ― запрашэнні на шэсце.
Напярэдадні, 7 траўня, Мінгарвыканкам адмовіў у правядзенні акцыі. Арганізатары “Несмяротнага палка” збіраліся правесці шэсце насуперак забароне. Аднак на наступны дзень яны сустрэліся з кіраўніцтвам Мінгарвыканкама і “дасягнулі паразумення”.
Слухачы Еўрарадыё паведамілі, што 8 траўня на плошчы Перамогі адбывалася нешта накшталт рэпетыцыі акцыі ― там былі заўважаныя людзі з партрэтамі “Несмяротнага палка”.