Ацяпленне ў мінскіх кватэрах плануюць уключыць на наступным тыдні

Ацяпленне ў жылых дамах Мінска плануюць уключыць на наступным тыдні. Пра гэта на прэс-канферэнцыі сказаў начальнік упраўлення энергетыкі і навукова-тэхнічнага развіцця Міністэрства ЖКГ Вячаслаў Шміт.

Ён нагадаў, што згодна з заканадаўствам, каб уключыць ацяпленне, трэба каб 5 дзён запар тэмпература была не вышэй за +8. Раней у сталіцы не хапіла ўсяго аднаго дня, каб батарэі сталі гарачымі.

Пры гэтым на пытанне Еўрарадыё, чаму нельга аператыўна выключаць і ўключаць батарэі, калі на вуліцы рэзка халадае ці цяплее, начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Міністэрства ЖГК Андрэй Рамашка заўважыў, што гэта вельмі дарагі працэс.

“Лепей пратрымацца і пацярпець, чым запускаць сістэму ацяплення. Бо запускаць працэс, а ацяпленне ў нас уключаецца паступова, — вельмі дорага”.

Чыноўнік заўважыў, што ацяпленне двух-трохпакаёўкі ў гэтым годзе абыдзецца ў сярэднім каля 90 тысяч рублёў у месяц.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі