Ад "падтрымкі Лукашэнкі" да штурмавых навыкаў: госы пра акцыі супраць інтэграцыі
Кадры акцыі пратэсту 7 снежня / Беларусь 1
Напярэдадні 20 снежня, калі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зноў будуць абмяркоўваць інтэграцыю, у беларускіх дзяржСМІ з'явіліся сюжэты аб падрыхтоўцы апазіцыяй небяспечнай вулічнай акцыі на адной з цэнтральных плошчаў Мінска. Гэты "анонс" выглядае даволі дзіўна: да таго дзяржСМІ пісалі пра масавыя пратэсты толькі постфактум. Але ў снежні 2020 года штосьці, падобна, змянілася.
Падчас і пасля акцый 7 і 8 снежня нікога з іх удзельнікаў не затрымлівалі. Пратаколы пачалі прыходзіць праз тыдзень — як быццам улады думалі, як жа паступіць у гэтай сітуацыі, калі антыінтэграцыйныя пратэсты быццам бы на руку Лукашэнку.
7 снежня тэлеграм-канал "Пул Першага", які звязваюць з Адміністрацыяй прэзідэнта, абвясціў "Жывы ланцуг" праціўнікаў інтэграцыі акцыяй у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі! У традыцыйна негатыўным ключы пра пратэсты гаварылі ў "Клубе рэдактараў" 13 снежня. Цяпер жа, напярэдадні акцыі, рыторыка ўладаў злёгку змянілася. Калі коратка, цяпер так: "Мінулы раз абышлося без камянёў, крыві і калецтваў. Але што будзе наступны раз?" Гэты меседж блізкі да таго, што пішуць пра пратэсты ў Мінску расійскія СМІ. І гэта дзіўна: няўжо з 7 снежня, калі дарожныя карты па "паглыбленні інтэграцыі" павінны былі быць падпісаны — ды не былі падпісаныя, — усё змянілася настолькі моцна?
ГУУС папярэджвае, а "Беларусь 1" перадае
У сюжэце на "Беларусь 1" перадалі папярэджанне мінскай міліцыі "пра недапушчальнасць незаконнай агітацыі і правядзення несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў". Гледачам расказалі, што арганізатарам акцыі і ў прыватнасці Паўлу Севярынцу міліцыя нагадала пра дзіцячае мерапрыемства, якое 20 снежня будзе праходзіць у Палацы Рэспублікі. "Правядзенне несанкцыянаванага мерапрыемства становіць пагрозу бяспецы дзяцей і іх бацькоў", — лічаць у МУС.
Міліцыя заяўляе, што збіраецца прыняць усе меры бяспекі для дарослых і дзяцей. Значыць, ніякіх несанкцыянаваных акцый на Кастрычніцкай плошчы не дапусцяць?
"Цытадэль для адпрацоўкі штурмавых навыкаў"
На тэлеканале АНТ пастанавілі расказаць пра "рызыкоўныя экскурсіі па Мінску". Вядучы Аляксандр Злобін заяўляе, што апазіцыя заклікае людзей на вуліцу "не думаючы пра бяспеку і наступствы". У сюжэце паказваюць кадры мінулай акцыі супраць інтэграцыі, калі ў пратэстоўцаў адбываецца сутычка з сілавікамі на прыступках Палаца Рэспублікі.
"А ці ёсць у арганізатараў план дзеянняў супраць людзей, якія максімальна радыкалізаваныя і гатовыя пратэставаць па-за правіламі, па-за законам? — задаецца пытаннем вядучы. — А лідары апазіцыі гатовыя паўтарыць. І зноў клічуць. Да тых самых прыступак, каб зноў паспрабаваць... Хоць відавочна, што арганізатары не здольныя кантраляваць сітуацыю. А значыць, няма ніякіх гарантый бяспекі, можа здарыцца што заўгодна!"
Намёкі на "радыкалізаваных" пратэстоўцаў, аналізуючы мінскія акцыі, рабіла аўтар "РІА Навіны" Нюра Н. Берг. Беларускіх грамадскіх актывістаў яна называе "малодшымі братамі ўкраінскіх майданшчыкаў", якія ахвотна атрымліваюць у спадчыну ўсе тэхналогіі ўкраінцаў: "Сёння беларускія актывісты-радыкалы спрабуюць разгойдваць сітуацыю са стварэннем Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі". Падобная рыторыка, ці не так?
Не трэба перакручваць
На сайце БЕЛТА выходзіць каментарый палітолага Аляксея Бяляева пад загалоўкам "Апазіцыйныя сілы перакручваюць сэнс інтэграцыі дзеля палітычных ачкоў". Сутнасць нататкі цалкам адлюстравана ў загалоўку: інтэграцыю, маўляў, спрабуюць падмяніць "уключэннем", "аб'яднаннем", "акупацыяй", каб звярнуць на сябе ўвагу і стварыць бачнасць дзейнасці.
І тут не абыходзіцца без дзяцей і небяспекі для іх:
"Не робіць арганізатараў героямі і тое, што з-за іх дзеянняў могуць пацярпець дзеці і маладыя людзі. Уцягванне дзяцей, моладзі ў падобныя акцыі — гэта заўсёды нешта, што стаіць за мяжой маралі. Калі гаворка ідзе пра палітычныя гульні, то адказнасць на сябе павінны браць дарослыя людзі", — рэзюмуе Аляксей Бяляеў.
"НедаМайсей" з мегафонам
Калумніст sb.by Андрэй Мукавозчык публікуе тэкст з загалоўкам "Планы на вецер. Чаму "дэмакраты" плююць на нашу бяспеку" і ілюструе яго фатаграфіяй правакатара з камянямі ў руках, нібыта зробленай падчас акцыі 8 снежня. Аўтар гэтай калонкі таксама не абыходзіць увагай дзіцячае мерапрыемства, але акцэнт робіць усё ж не на ім, а на тым, што ён разумее пад хрысціянскімі каштоўнасцямі:
"Пра дзяцей не думаць — па-хрысціянску? Ды проста выкарыстоўваць сем'і, што адпачываюць у перадкалядны выхадны вечар каля ялінкі, — гэта таксама па-хрысціянску? Або дадаванне слова "дэмакраты" асвячае любую правакацыю, авантуру, подласць і безадказнасць, несумяшчальныя з вамі ж дэклараванымі вераваннямі?"
Уласны набор адмаўленняў
Асноўны акцэнт у публікацыях і тэлесюжэтах — небяспека акцыі для дзяцей. Бо ў Палацы Рэспублікі будуць праходзіць дзіцячыя святы, а Кастрычніцкая плошча — папулярнае месца для сямейных прагулак. Пры гэтым толькі БелТА гаворыць пра тое, што ў апазіцыі, якая змагаецца з "паглыбленнем інтэграцыі", "няправільныя" мэты. Нават па АНТ заявілі, што "ў многіх свой уласны набор адмаўленняў, які, можа, і не супадае з суседскім"!
Ствараецца ўражанне, папярэджанні ў дзяржаўных СМІ прызначаныя для таго, каб захаваць пратэст малалікім, але не для таго, каб зусім яго прадухіліць. "Анонсы" не паўплываюць на касцяк пратэстоўцаў, але адвернуць ад акцыі тых, хто баіцца зачыстак і затрыманняў.
18 снежня Паўла Севярынца за мінулыя акцыі пратэсту асудзілі на 15 сутак. Але адпусцілі, даўшы магчымасць папрысутнічаць на пратэстах 20 снежня. У Севярынца, па сутнасці, і выбару няма: людзі, якія прыйдуць на акцыю, не зразумеюць, калі ён не прыйдзе. Пры гэтым ніхто не зможа перашкодзіць дзяржСМІ заявіць пра чарговую акцыю ў падтрымку Лукашэнкі, а міліцыі — затрымаць Севярынца яшчэ раз і "дадаць" штраф ці новыя суткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.