Ад прэзідэнта да анахранічнай дыктатуры: як Захад мяняе погляд на Лукашэнку
Міжнародная прэса пра дзейную ўладу ў Беларусі / athina984.gr
У жніўні мінулага года Беларусь была на перадавіцах усіх буйных міжнародных выданняў праз масавыя пратэсты супраць фальсіфікацый на выбарах, ультрагвалт з боку сілавікоў і поўнае беззаконне. Праз нейкі час пратэсты былі жорстка задушаныя і краіна паглыбілася ў халодны млявабягучы тэрор з боку дзейнай улады. Гісторыі пра Беларусь і беларусаў сышлі са старонак сусветных СМІ.
Але з траўня 2021 года Беларусь зноў на першых палосах. Ледзь не кожны месяц дзейная беларуская ўлада здзяйсняе нешта, што зноў прыцягвае позіркі з усяго свету.
Так, у траўні ўлады прымусова пасадзілі самалёт з Раманам Пратасевічам. І гэтая тэма абмяркоўвалася яшчэ амаль увесь чэрвень, як і новыя санкцыі супраць беларускіх уладаў, якія ўвялі ўслед за пасадкай самалёта.
У ліпені пачаўся мігранцкі крызіс на мяжы з Літвой, узмацненне якога мы можам назіраць проста цяпер. У жніўні — інцыдэнт на Алімпійскіх гульнях са спартсменкай Ціманоўскай і міжнародны скандал праз неадэкватныя дзеянні спартыўных функцыянераў.
Еўрарадыё паглядзела, якая цяпер рыторыка ў розных міжнародных СМІ адносна Беларусі, Лукашэнкі і дзейнай улады.
Der Tagesspiegel: "Дыктатар тэрарызуе беларусаў"
Яшчэ ў траўні, калі беларускія ўлады прымусова пасадзілі самалёт Ryanair у Мінску, адно з вядучых нямецкіх выданняў Der Tagesspiegel пісала пра падзеі ў Беларусі ў стрыманым стылі, называючы Лукашэнку — "прэзідэнтам" або "чыноўнікам", але ўжо называючы дзейную ўладу ў Беларусі — "рэжымам Лукашэнкі".
Пра выбары прэзідэнта ў 2020 годзе яны пісалі, што "падставай для тыднёвых пратэстаў у 2020 годзе сталі выбары, на якіх, як кажуць, дзейны Лукашэнка перамог з 80 адсоткамі галасоў. У Беларусі сотні тысяч людзей на вуліцах патрабавалі адстаўкі кіраўніка дзяржавы".
Але ўжо ў жнівеньскім артыкуле леташнія падзеі ў Беларусі называюцца не інакш як "паўстанне", а Лукашэнка стаў "беларускім дыктатарам", які "тэрарызуе беларусаў".
Washington Post: пачаць ціск на афшоры, увесці новыя санкцыі і правесці кібераперацыю
Уплывовае выданне The Washington Post у траўні 2021 года публікуе калонку былога дарадцы Трампа па міжнароднай бяспецы Джона Болтана пра перспектывы развіцця беларускага крызісу. Ён заклікае ЗША і Еўропу не спяшацца з санкцыямі, мяркуючы, што Захад тым самым канчаткова заганяе Лукашэнку ў "абдымкі Пуціна" і рызыкуе назаўжды "страціць усю Беларусь".
Жнівень 2021. Калумніст The Washington Post Браян Клаас мяркуе, што жорсткімі мерамі супраць рэжыму Лукашэнкі Джо Байдэн адправіць сігнал усім дыктатарскім рэжымам.
Клаас прапануе Байдэну ўвесці санкцыі супраць усёй нафтахімічнай галіны Беларусі ў каардынацыі з усімі глабальнымі партнёрамі. Пачаць ціск на ўсе афшорныя юрысдыкцыі, у якіх захоўваюцца любыя падазроныя грошы бізнесу з каранямі з Беларусі. І разгледзець магчымасць кібераперацыі ЗША супраць інфраструктуры рэжыму Лукашэнкі ў якасці "папераджальнага стрэлу".
Financial Times: "Цалкам сфармаваны злачынны рэжым"
Міжнародная дзелавая газета Financial Times публікуе 3 жніўня вельмі дзёрзкі рэдакцыйны артыкул пра дзейную беларускую ўладу як пра "цалкам сфармаваны злачынным рэжым". І называе яе не інакш як "гістарычнай анамаліяй". Рэдакцыя выдання лічыць, што Захаду варта прыслухацца да заклікаў Ціханоўскай: пашырыць і зрабіць больш жорсткімі сектаральныя санкцыі супраць беларускіх прадпрыемстваў.
Цікавы артыкул і тым, што тут згадваецца не толькі Аляксандр Лукашэнка, але і яго сын Віктар, якога на Захадзе да справы Ціманоўскай асабліва не заўважалі. У рэдакцыйным артыкуле яго параўноўваюць з сынам Садама Хусейна, які курыраваў спорт і НАК у Іраку пры сваім бацьку.
The New York Times: "Анахранічная дыктатура"
Адна з найпапулярнейшых газет ЗША The New York Times апублікавала тэкст пра Ціманоўскую пад загалоўкам "Уцёкі беларускага спрынтара праліваюць святло на ўладу дыктатара".
"Яе сітуацыя праліла святло на анахранічную дыктатуру, пры якой ніякая сфера жыцця не можа выслізнуць ад палітыкі, а кіраўнічая сям'я ўсё больш і больш бязлітасна распраўляецца з усякім намёкам на іншадумства", — піша маскоўскі карэспандэнт выдання Валеры Хопкінс.
Тут таксама параўноўваюць Віктара Лукашэнку з сынам Садама Хусейна — Удэем, якога бацька прызначыў кіраўніком іракскага НАК у 1984 годзе.
The Telegraph: "Апошні камуністычны дыктатар Еўропы"
Брытанскае выданне The Telegraph параўноўвае сітуацыю з Ціманоўскай з гісторыямі ўцёклых спартсменаў часоў СССР: "Быў час, калі артыстаў і спартсменаў з краін савецкага блока суправаджалі "ахоўнікі" з таемнай паліцыі, каб прадухіліць іх уцёкі". І ў Токіа гісторыя зноў паўтарылася, лічыць брытанскае выданне.
Што да Лукашэнкі, то яны называюць яго "апошнім камуністычным дыктатарам Еўропы", які "бязлітасна душыць сваіх апанентаў з тых часоў, як летась ён сфальсіфікаваў усеагульныя выбары, каб застацца ва ўладзе, нягледзячы на відавочную паразу. Яго часта называюць апошнім камуністычным дыктатарам Еўропы. Цяпер мы ведаем, наколькі дакладнае гэта апісанне".
Хочаце дапамагчы незалежнай журналістыцы? Станьце падпісчыкам на Patreon
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.