Ад спёкі ў цэнтральнай Еўропе мялеюць рэкі

У многіх краінах Старога свету канец ліпеня - пачатак жніўня стаў найгарачэйшым за ўсю гісторыю метэаназіранняў. Сёння, 11 жніўня, больш за іншых ад высокіх тэмператур пакутуюць Прага, Вена, Берлін, Будапешт, а таксама некаторыя населеныя пункты Польшчы — там слупок тэрмометра ўдзень падымаецца вышэй за 36 градусаў.

Рым — +30, Марсэль — +31, Афіны — +32, Мілан — +33, Мінск — +34

Падчас спёкі ў гарадах Польшчы раздаюць ваду а таксама для ахалоджвання прасторы выкарыстоўваюць пажарныя гідранты. У Варшаве, у сувязі са спёкай, абмежавалі спажыванне электраэнергіі. Напрыклад, у супермаркеце Real, гарыць кожная трэцяя лямпа, за што адміністрацыя настойліва прыносіць прабачэнні.

Жыхары Будапешта шукаюць выратавання ў фантанах, а валанцёры раздаюць мінакам пакеты з ледзяной вадой. Падобная сітуацыя і ў чэшскай сталіцы: самым папулярным месцам тут з’яўляецца ўзбярэжжа ракі Влтава. А ў пражскім заапарку нават зладзілі астуджальны душ для жывёл.

У Германіі людзі хаваюцца ад спёкі ў айс-барах і наведваюць гарадскія басейны. Гэтымі днямі ў найвялікшым еўрапейскім адкрытым басейне у Фрункфурце — аншлаг.

Мясцовыя медыкі раяць жыхарам не выходзіць на вуліцу ў самы гарачы перыяд дня з 12 да 17 гадзін, піць больш простай вады, насіць галаўны ўбор і як мага часцей ахалоджваць патыліцу вадой.

Праз такую інтэнсіўную і працяглую спёку ў цэнтральнай Еўропе пачалі мялець рэкі. Узровень вады ў польскай рацэ Вісле ў раёне Варшавы ў панядзелак панізіўся да 61 сантыметра. Спыненае суднаходства. Навукоўцы таксама назіраюць зніжэнне ўзроўню вады ў азёрах.

Гідролаг Мар’яна Сасім з Інстытута метэаралогіі і воднай эканомікі заклікае палякаў эканоміць ваду: просіць адмовіцца ад паліву газонаў, а падчас чысткі зубоў наліваць ваду ў шклянку. Навукоўцы таксама заклікаюць на будучыню запасацца вадой: напрыклад, захоўваць дажджавую ваду, а затым выкарыстоўваць яе ў гаспадарчых мэтах, паведамляе Польскае радыё.

У Мінску сёння тэмпература дасягае +34 градусаў. У Гарадскім выканаўчым камітэце сталіцы завілі, што не могуць распавесці, якім чынам ратуюць грамадзян ад спёкі, бо не працуе сувязь.

Фота: qz.com, З сацсетак, Jess Moss/AOL, fresher.ru, AP Photo/Michael Probst, chilloutpoint.com, PAP/TOMASZ GZELL. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі