Адміністрацыя расійскага прэзідэнта адмяніла карпаратыў
Адміністрацыя расійскага прэзідэнта і ўрад Расіі адмовіліся ад правядзення навагодніх карпаратываў.
Пра гэта інфармуе РБК са спасылкай на прэс-сакратара кіраўніка Расіі Дзмітрыя Пяскова. Па яго словах, адміністрацыя адмяніла традыцыйны навагодні прыём "у сувязі з тэндэнцыямі". Праўда, ён агаварыўся што дзяржаўны пратакольны прыём усё ж адбудзецца 27 снежня.
Міністр па развіцці Далёкага Усходу Аляксандр Галушка ў гутарцы з журналістамі прызнаўся, што ў міністраў расійскага ўрада адбылася проста вячэра, якую яны аплочвалі за свой кошт.
У Дзяржаўнай думе таксама правялі таварыскую вячэру, аплачваць якую пагадзіліся самыя багатыя з дэпутатаў. Народныя абраннікі праслухалі канцэрт, а потым папілі гарбату і "сёе-тое яшчэ", як выказаўся спікер ніжняй палаты Сяргей Нарышкін.
Раней Уладзімір Пуцін даў вусную рэкамендацыю дзяржаўным карпарацыям і структурам адзначаць карпаратывы за свой кошт, без выкарыстання бюджэтных сродкаў.
Фотакалаж — irk.fm