Адмовіцца ад паслуг ЖЭСа зараз можна нават адным паверхам

Але ў шмат якіх сталічных ЖЭСах робяць выгляд, што нічога не ведаюць пра такую магчымасць Як даведалася Еўрарадыё, закон “Аб ахове правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг” дае права выбіраць разам з суседзямі – ці карыстацца паслугамі ЖЭСу. Больш за тое, згодна з законам, рашэнне аб выбары выканаўцы жыллёва-камунальных паслуг прымаецца групай спажыўцоў, якія жывуць у шматкватэрным доме, у пад’ездзе ці на паверсе (!), простай большасцю галасоў.

"Гэтыя паслугі можа выконваць, дапусцім, на калектыўнай аснове – наняты калектыў прыватных выканаўцаў, могуць быць у асобных выпадках індывідуальныя выканаўцы, –
гаворыць Вольга Абрамава, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, якая была ініцыятарам распрацоўкі закона. – Ёсць цэлы шэраг іншых аб’яднанняў, якія вырашаюць самастойна знаходзіць выканаўцаў і самім іх кантраляваць".

Аднак толькі ў 76-м ЖЭСе Еўрарадыё змаглі патлумачыць, як дзейнічае права выбару выканаўцы жыллёва-камунальных паслуг. Праўда, у тое, што ад паслуг ЖЭСа можна адмовіцца, там нам не паверылі.

ЕРБ: Ці маглі б вы распавесці пра механізм выбару выканаўцы паслуг, як можна адмовіцца ад паслуг ЖЭСа?


Дыспетчар: "Як можна адмовіцца ад паслуг ЖЭСа?".

ЕРБ: А вы не ведаеце, хто яшчэ можа выконваць жыллёва-камунальныя паслугі?

Дыспетчар: "Прыватныя арганізацыі".

ЕРБ: Якія арганізацыі?

Дыспетчар: "Не ведаю. Але ну а як можна? Лямпачкі ўсё адно ходзіць ЖЭС мяняе, гэта ўваходзіць у тэхнічнае абслугоўванне, каля ліфтоў, у падвалах і г.д., прыбіральшчыкі ўсё адно ЖЭСаў прыбіраюць. Так што я нават не ведаю, што вам адказаць на гэтае пытанне, шчыра кажучы...".

У разлікова-даведкавым цэнтры №1 нам наогул паведамілі, што закон яшчэ... не дзейнічае. Вось што гаворыць яго супрацоўніца Святлана Гузарэвіч:

"Ну, гэта ж пастанова выйшла, але дзейнічаць будзе толькі праз 6 месяцаў. Яна ж яшчэ не ўступіла ў сілу".


ЕРБ: Закон уступіў у сілу з 27 студзеня.


Святлана Гузарэвіч: "З 27 студзеня ўступіў у сілу, кажаце? А скажыце, а на што нам спасылацца, які гэта нумар дакумента?".

ЕРБ: Гэта закон “Аб ахове правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг”.


Святлана Гузарэвіч: "Гэта вы кажаце пра тое, што ўчора па навінах ішло?..".

ЕРБ: Скажыце, вось, напрыклад, паверх, тры кватэры, адмовяцца ад выканаўцы жыллёва-камунальных паслуг, напрыклад, ад ЖЭСа – наколькі ў іх знізіцца аплата?

Святлана Гузарэвіч: "Тры кватэры, вы хочаце адмовіцца? Ну не ведаю, нам з такімі пытаннямі яшчэ ніхто не звяртаўся".

Праз некалькі хвілін кансультацыі Святлана Гузарэвіч удакладніла: "Вы ведаеце, каб адмовіцца, трэба, каб з пад’езда было не менш за 12 подпісаў, і звяртацца тады адразу ў ЖЭС да галоўнага інжынера".

Аднак, паводле закону, рашэнне аб выбары выканаўцы жыллёва-камунальных паслуг прымаецца групай спажыўцоў, якія жывуць у шматкватэрным доме, у пад’ездзе ці на паверсе, простай большасцю галасоў. Адкуль узялася лічба 12, застаецца таямніцай.
У 117-м ЖЭСе дыспетчар распавяла крыху болей.

ЕРБ:. Ад якіх паслуг ЖЭСа мы можам адмовіцца?

Дыспетчар: "Ну, вы можаце адмовіцца ад паслуг, дапусцім, сантэхніка, ад паслуг электрыка, то бок, гэта ўжо ваш выбар".

ЕРБ: А як гэты механізм адмаўлення праходзіць?

Дыспетчар: "Я думаю, вы проста не запрашаеце сантэхніка, а можаце па аб’яве запрасіць сантэхніка той арганізацыі, у якой ёсць ліцэнзія".

ЕРБ: І як тады зменіцца "жыроўка"?

Дыспетчар: "Калі вы карысталіся паслугамі сантэхніка, ён рабіў вам пэўную працу, прыкладам, мяняў сіфон, змешвальнік, гэта ўваходзіла ў "жыровачку" ў вас асобна як плата за бытпаслугі, а тут гэта не будзе ўваходзіць".

Закон у сілу ўжо уступіў, але надзеі на тое, што спажыўцы ў хуткім часе змогуць скарыстацца сваімі правамі ў поўнай меры, супрацоўнікі ЖЭСаў не даюць.


Тэкст закона "Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг" можна паглядзець тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі