Адвакат Максіма Знака: Прад'яўленае абвінавачванне не заснаванае на рэальнасці
Адвакат Яўген Пыльчанка пракаментаваў, што адбываецца на закрытым судовым працэсе над Максімам Знакам і Марыяй Калеснікавай.
— Максім актыўна ўдзельнічае ў працэсе. Ён даў дэталёвыя паказанні, якія абвяргаюць усё, што яму інкрымінуюць. А цяпер падрабязна каментуе матэрыялы справы, у якіх, як абарона паказвала раней, няма ніякіх доказаў яго віны. Марыя ў пасяджэнні займае такую ж актыўную пазіцыю. На дадзены момант ужо даследаваная значная частка матэрыялаў, аднак да завяршальнай стадыі мы яшчэ не падышлі, — кажа Пыльчанка і рэзюмуе, — калі б пасяджэнні не былі закрытымі, грамадства ўжо цяпер пераканалася б, што прад'яўленае абвінавачванне не заснаванае на рэальнасці".
Закрыты працэс працягнецца 23 жніўня ў 09:30 у судзе Мінскага раёну на Маякоўскага, 119а.
Разгляд крымінальнай справы ўдзельнікаў перадвыбарчага штаба Віктара Бабарыкі Максіма Знака і Марыі Калеснікавай пачаўся 4 жніўня. Абодва былі затрыманыя ў верасні 2020-га, а канчатковае абвінавачанне абодвум было прад'яўлена ў траўні 2021-га. Максіма і Марыю абвінавацілі ў публічных закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК), у змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК) і ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім (ч. 1 арт. 361-1 КК). Абодвум пагражае да 12 гадоў турмы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.