Афіцыйная дзяржаўная прэса рыхтуе беларусаў да складанага новага года

Афіцыйная дзяржаўная прэса рыхтуе беларусаў да складанага новага года

Дзяржаўнае выданне “Советская Белоруссия” апублікавала артыкул са змрочным прагнозам для краіны, у якім сцвярджае, што “добрых навінаў няма”. Паводле выдання, калі 2015 год заканчваецца цалкам удала, то на лета паляпшэння чакаць не варта.

Усе будучыя праблемы газета звязвае са знешнімі ўплывамі, якія адчуваліся ў Беларусі сёлета і ўплывалі на яе эканамічную і палітычную абстаноўку: супрацьстаянне Расіі і Захаду, зніжэнне коштаў на нафту, уцягванне Расіі ў сірыйскі канфлікт, крызіс бяспекі ў Еўропе. На наступны год СБ прагназуе развіццё ўсіх непрыемных тэндэнцыяў, сярод якіх рэцэсія на ўсёй постсавецкай прасторы, крызіс на Блізкім Усходзе, прэзідэнцкія выбары ў ЗША. Адметна, што найбольш верагодным пераможцам у гэтым выбарах аўтары беларускага афіцыйнага выдання лічаць Хілары Клінтан.

Якія менавіта кепскія наступствы чакаюць беларусаў, СБ не ўдакладняе і канкрэтнага прагнозу сацыяльна-эканамічнага і грамадска-палітычнага развіцця краіны не дае.

Асобна адзначаецца, што сёлета ў Беларусі прэзідэнцкія выбары прайшлі “з прадказальным вынікам, але ў непрадказальнай абстаноўцы”, а дзеючы кіраўнік краіны атрымаў “магутны мандат” на працяг знешнеэканамічнага курса і рэформаў у эканоміцы. Таксама згадваюцца будучыя парламенцкія  выбары ў нашай краіне, якія пройдуць “у складаных сацыяльна-эканамічных умовах”. Іх правядзенні і вынікі паўплываюць на адносіны Беларусі з Захадам, які хацеў бы ўбачыць далейшы прагрэс у дэмакратычных працэдурах.

“Самае галоўнае, што каб гэтым эпізодам не паспрабавалі скарыстацца суб’екты, зацікаўленыя ў дэстабілізацыі Беларусі”, — перасцерагае афіцыйнае выданне.

Фота: oko.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі