Афіцыйны Мінск запросяць на саміт Усходняга партнёрства
Але ці будзе ў гэта запрашэнне ўпісанае прозвішча Лукашэнкі, залежыць ад таго, як на практыцы Мінск будзе дэманстраваць жаданне на збліжэнне з ЕС.
Беларусь будзе запрошаная на саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў Рызе, нягледзячы на тое, што ў краіне за кратамі застаюцца палітычныя зняволеныя. Але ці будзе ў гэта запрашэнне ўпісанае прозвішча кіраўніка краіны, залежыць ад таго, як на практыцы Мінск будзе дэманстраваць жаданне на збліжэнне з Еўрасаюзам.
Тым не менш, Латвія, як краіна, што старшынствуе ў Еўрасаюзе ў першым паўгоддзі 2015 года і што прымае ў траўні саміт Усходняга партнёрства, хоча, каб наша краіна на ім была прадстаўленая на самым вышэйшым узроўні. Пра гэта заявіў Дзяржаўны сакратар міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдзеговічс.
“Мы хацелі б бачыць Беларусь прадстаўленай на саміце на магчыма высокім узроўні. Але якая будзе магчымасць гэтага высокага ўзроўню, я думаю, пакажуць бліжэйшыя некалькі месяцаў. Безумоўна, канчатковае рашэнне будзе прымацца, безумоўна, непасрэдна кіраўніцтвам вашай краіны, Беларусі”.
Па словах латвійскага дыпламата, 22 студзеня ён сустракаўся з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Галоўнай тэмай перамоў быў удзел Беларусі у праектах праграмы “Усходняе партнёрства” і шляхі для паляпшэння адносінаў паміж нашай краінай і ЕС.
Нагадаю, з 1 студзеня 2015 года Латвія прыняла старшынства ў Еўрапейскім саюзе. Працягнецца яно 6 месяцаў. У межах свайго старшынства наша суседка ў канцы траўня прыме саміт “Усходняга партнёрства”, на які звычайна запрашаюць кіраўнікоў краін-сябраў гэтай праграмы. Ва Усходняе партнёрства ўваходзяць Украіна, Беларусь, Малдова, Грузія, Арменія і Азербайджан.