Алексіевіч: Кіраўніцтва ПЭН-цэнтра хоча, каб мы ціха сядзелі, лізалі боты ўладзе
Па словах Святланы Алексіевіч, яна даўно збіралася выйсці з расійскага ПЭН-цэнтра — следам за Людмілай Уліцкай, Уладзімірам Вайновічам ды іншымі паважанымі пісьменнікамі. Але па просьбе прадстаўнікоў “светлай” часткі сяброў ПЭН-цэнтра не рабіла гэтага. Толькі выключэнне з сяброў ПЭН-цэнтра журналіста і праваабаронцы Сяргея Пархоменкі прымусіла нобелеўскую лаўрэатку напісаць 11 студзеня заяву пра свой выхад з арганізацыі.
Алексіевіч: “Таму што яны (кіраўніцтва ПЭН-цэнтра — Еўрарадыё) лічаць, што пісьменнік павінен сядзець ціхенька, пісаць сабе і заігрываць з уладай, лізаць боты ўладзе. Карацей, рабіць усё тое, што ён рабіў у сталінскія часы. А канфлікт пачаўся з таго, што мы, частка ПЭН-цэнтра, падпісалі ліст у абарону Сянцова (Алег Сянцоў, украінскі рэжысёр, сцэнарыст і пісьменнік, якога ў Расіі асудзіла на 20 гадоў зняволення — Еўрарадыё), а яны баяцца такіх выступаў, і гэта, канечне, стала апошняй кропляй”.
Па словах Алексіевіч, адпачатку ПЭН-цэнтр ствараўся як арганізацыя, якая аб’ядноўвае вядомых у свеце пісьменнікаў, што будуць “не проста пісаць, але і выступаць на баку дабра. Тое, што сёння частка расійскіх пісьменнікаў і кіраўніцтва ПЭН-цэнтра пайшлі ў іншым кірунку і выключаюць са сваіх шэрагаў актыўных прыхільнікаў “змагароў дабра”, застанецца цёмнай плямай у гісторыі гэтай арганізацыі, упэўненая Алексіевіч.