Алена Купчына выступіць на канферэнцыі ЮНЕСКА
Намеснік міністра замежных спраў Алена Купчына 5 лістапада выступіць падчас агульнапалітычнай дыскусіі 38-й сесіі генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на амбасаду Беларусі ў Францыі, Купчына выкладзе асноўныя пазіцыі і прыярытэты краіны па супрацоўніцтве з ЮНЕСКА. У той жа дзень адбудзецца яе сустрэча з генеральным дырэктарам арганізацыі Ірынай Бокавай.
У галоўным форуме ЮНЕСКА ўдзельнічаюць дэлегацыі 195 краін-сябраў. У парадак дня ўнеслі болей за 80 пунктаў, у тым ліку даклады аб дзейнасці на перыяд да 2030 года, праграма і бюджэт на 2016-2018 гады, а таксама шэраг іншых пытанняў.
Падчас працы сёлетняй сесіі адзначаць 70-гадовы юбілей ЮНЕСКА, у межах якога 16-17 лістапада пройдзе спецыяльны форум. Таксама адбудзецца 20-я сесія генеральнай асамблеі дзяржаў — краін Канвенцыі 1972 года аб ахове сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны.