Алесь Макаеў за гімн "Магутны Божа" атрымаў 5 сутак арышту
Грамадскага актывіста адправіў за краты ў панядзелак суд Маскоўскага раёна беларускай сталіцы.
Макаева пакаралі за "несанкцыянаваны мітынг", які ён, нібыта, арганізаваў 24 лістапада ў Грозаве на Капыльшчыне. Ён з групай людзей ехаў з Мінска ў Слуцк на дазволеную ўладамі акцыю, прысвечаную ўгодкам Слуцкага збройнага чыну 1920 года. Па дарозе яны заехалі ў Грозава, дзе іх затрымалі падчас спявання каля памятнага крыжа рэлігійнага гімна "Магутны Божа".
Адзначым, што год таму Макаева за "несанкцыянаваны мітынг" у тым жа Грозаве аштрафавалі на 5 млн рублёў.
Яшчэ адну "лістападаўскую" справу разглядаў 23 снежня суд Слуцкага раёна. Вось што Еўрарадыё распавяла праваабаронца Наста Лойка:
"Сёння быў у Слуцаку суд над Зінаідай Цімошык, якая арганізоўвала паказ фільма. Цімошык далі штраф — 20 базавых [2 млн 600 тысяч рублёў]".
23 лістапада ў Доме культуры вёскі Казловічы на Случчыне збіраліся паказаць дакументальны фільм пра Слуцкі збройны чын, які раней дэманстраваўся на дзяржаўным тэлеканале. Адмыслова туды прыехала Ніна Стужынская, вядомы гісторык, адна з аўтараў фільма. Аднак міліцыя сарвала паказ ды апытвала ўсіх прысутных. Вінаватай у "парушэнні парадку правядзення сходаў" прызналі сяброўку Таварыства беларускай мовы Зінаіду Цімошык.
Фота — svaboda.org