Аліеў затэлефанаваў Лукашэнку, каб падзякаваць за перадачу блогера Лапшына
8 лютага прэзідэнт Азербайджанскай Рэспублікі Ільхам Аліеў затэлефанаваў кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку. Пра гэта паведамляецца на афіцыйным сайце азербайджанскага кіраўніка.
Падчас тэлефоннай размовы, як адзначае прэс-служба Аліева, яны "з задавальненнем згадалі афіцыйны візіт прэзідэнта Лукашэнкі ў Азербайджан, які адбыўся напрыканцы мінулага года". Таксама кіраўнікі Беларусі і Азербайджана абмеркавалі перспектывы двухбаковых адносін, пагаварылі пра далейшыя сустрэчы на вышэйшым узроўні.
Аліеў падзякаваў Лукашэнку за экстрадыцыю ў Азербайджан блогера Аляксандра Лапшына. Яго затрымалі ў Мінску напрыканцы 2016 года і 8 лютага выдалі ў Азербайджан, дзе Лапшына вінавацяць у наведванні Нагорнага Карабаха без дазволу афіцыйнага Баку. Блогеру, які мае расійскае, украінскае і ізраільскае грамадзянства, пагражае 8 гадоў зняволення.
Выдачу Лапшына Аліеў ахарактарызаваў як "захаванне вяршэнства закона і міжнародных канвенцый, праяву азербайджана-беларускай дружбы і адносін стратэгічнага партнёрства".
Паведамляецца, што Лукашэнка падзякаваў Аліеву за ўдзячнасць.