Алімпійскі чэмпіён Арамнаў расказаў анекдот пра кіраўнікоў Беларусі, Расіі і ЗША
Алімпійскі чэмпіён Пекіна-2008, цяжкавагавік Андрэй Арамнаў расказаў анекдот пра кіраўнікоў Беларусі, Расіі і ЗША. З яго дапамогай ён адказаў на пытанне журналіста партала tut.by пра тое, як спартсмен з сям’ёй жыве на заробак у памеры 250 рублёў, які атрымлівае ў барысаўскай СДЮШАР.
— Хапае на сям’ю?
— Вядома! У нас як у анекдоце. Сустракаюцца амерыканскі, расійскі і беларускі прэзідэнты. Ведаеце працяг?
— Пра тое, хто будзе веславаць?
— Не… Карацей, зайшла размова, хто колькі атрымлівае і якія ў каго падаткі. Амерыканскі прэзідэнт такі: “У мяне ў краіне людзі атрымліваюць у сярэднім пяць тысяч долараў, дзве тысячы ідзе на ўсю гэтую лухту, і на тры тысячы людзі нармальна жывуць”. Расійскі прэзідэнт: “У мяне атрымліваюць тысячу долараў, пяцьсот у іх ідзе на падаткі і крэдыты. На астатнія грошы жывуць”. Беларускі прэзідэнт: “У мяне атрымліваюць трыста долараў, а падаткі — чатырыста. Дзе яны бяруць сто долараў — незразумела!”. Прыкладна так.
Арамнаў кажа, што раней здаваў за 350 долараў кватэру ў Мінску, але цяпер ужо не здае: “Там падаткі трэба плаціць”.
Андрэю Арамнаву 17 красавіка споўнілася 30 гадоў. Віншуем! Пасля заваявання “золата” ў Пекіне ён ужо не здолеў паказаць высокіх спартыўных вынікаў. З аднаго боку былі траўмы, скандальныя інтэрв’ю, праблемы ў зборнай, з іншага — яго неаднаразова затрымлівалі ў стане алкагольнага ап’янення за рулём аўтамабіля, распачыналася крымінальная справа. У выніку спартсмена штрафавалі, канфіскавалі машыну, пазбаўлялі права на кіраванне аўтамабілем, прэзідэнцкай стыпендыі. Нядаўна стала вядома, што кіраўніцтва зборнай Беларусі па цяжкай атлетыцы не выключае вяртання Арамнава ў яе шэрагі. Алімпійскі чэмпіён заявіў, што хацеў бы рэабілітавацца за свае мінулыя памылкі і зноў заваяваць залаты медаль на Алімпіядзе.