Аліна Талай паказала шыпоўкі, у якіх пабяжыць на Алімпіядзе (фота)

Аліна Талай паказала шыпоўкі, у якіх пабяжыць на Алімпіядзе (фота)

Адна з топавых беларускіх лёгкаатлетак Аліна Талай у сераду, 13 ліпеня, правяла ў Мінску апошнюю трэніроўку перад Алімпіядай. А ўвечары правяла майстар-клас для сваіх заўзятараў у межах праекту #velcombegom. 

“Ужо 14 ліпеня я вылятаю ў Аўстрыю, дзе жыве мой трэнер і дзе мы будзем знаходзіцца да адлёту ў Рыа. У Бразілію мы прыляцім 4 жніўня, трошкі загадзя, каб прайсці акліматызацыю”, — паведамляе Талай.

Лёгкаатлетка паказала заўзятарам і журналістам шыпоўкі Nike Sprint, у якіх яна пабяжыць на Алімпіядзе. Амуніцыяй яна вельмі задаволена. Аліна лічыць, што гэта адныя з лепшых шыповак у яе жыцці.  

Талай — адна з самых папулярных спартсменак Беларусі. Яна выступае ў спрынце на 100 метраў з барьерамі. Любоў ад многіх беларусаў яна здабыла яшчэ да таго, як заваявала самыя каштоўныя тытулы ў сваім жыцці. Рэч у тым, што Аліна не аднойчы ўдзельнічала ў акцыях падтрымкі беларускай нацыянальнай культуры. Таксама лёгкаатлетка выдатна валодае беларускай мовай.

Але такая папулярнасць не замінула яе спартовай кар’еры. У 2015 годзе яна стала бронзавай медалісткай чэмпіянату свету. А ў 2016 — заваявала срэбра на першынстве Еўропы. На Алімпіядзе ёй будзе няпроста, але па настроі Талай бачна, што яна будзе біцца.

“Каб пазбегнуць ціску, я ўжо каля трох месяцаў стараюся не чытаць ніякіх сайтаў. А вольны час у Аўстрыі буду праводзіць з сябрамі, каб лішні раз адцягнуць увагу і паберагчы нервы. За дзень да Алімпіяды правяду звычайную размінку, праверу стартавыя калодкі. Потым закрыюся ў нумары і паспрабую добра выспацца”, — апісвае лёгкаатлетка некаторыя элементы сваё перадстартавай падрыхтоўкі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі