Аліна Талай стане настаўніцай беларускай мовы
Вядомая беларуская лёгкаатлетка, прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы Аліна Талай правядзе спецыяльныя дадатковыя ўрокі беларускай мовы і літаратуры для малодшых школьнікаў. Заняткі адбудуцца ў рамках сацыяльнага адукацыйнага праекта “Чытаем па-беларуску з velcom” і пройдуць у Пінску 5 кастрычніка.
Галоўная задача гэтага праекта — падтрымаць і развіць цікавасць да беларускай мовы і літаратуры ў школьнікаў 2-3 класаў. Ініцыятарам праекта выступіла кампанія velcom пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, паведамілі Еўрарадыё ў прэс-службе кампаніі.
Талай лічыць, што такія ініцыятывы вельмі актуальныя для нашай краіны і кажа, што з радасцю яе падтрымае.
Цягам першага месяца новага навучальнага года спецыяльныя ўрокі беларускай мовы і літаратуры прайшлі ў Брэсце, Кобрыне, Баранавічах і Бярозе. У першыя дні кастрычніка каманда арганізатараў і настаўнікаў праекта прыедзе з займальнымі заняткамі ў школы Пінска і Лунінца. У гэтых гарадах распавядаць пра беларускую мову, літаратуру і культуру ў новай форме для малодшых школьнікаў будзе і Юрый Жыгамонт — адзін з пастаянных настаўнікаў праекта.
Пасля Брэсцкай вобласці ў сацыяльнай адукацыйнай ініцыятыве “Чытаем па-беларуску з velcom” прыме ўдзел 25 школ Гродзенскай вобласці. За час існавання праекта ўжо больш 8 000 вучняў паўдзельнічалі ў дадатковых уроках роднай мовы, дзе ў ролі настаўнікаў выступалі шматлікія беларускія пісьменнікі, акцёры, тэлевядучыя, спартоўцы. Плануецца ахапіць 150 школ па ўсёй Беларусі.