Аляксандр Глеб пра гульцоў зборнай: “Звычайна “старыя” выпівалі пасля гульняў”

Аляксандр Глеб пра гульцоў зборнай: “Звычайна “старыя” выпівалі пасля гульняў”

Футбаліста футбольнай зборнай Беларусі Дзяніса Лапцева выключаюць з каманды. Так адрэагаваў трэнер Ігар Крывушэнка на сур’ёзнае парушэнне дысцыпліны — Дзяніс, па дадзеных “Прэсбола”, прыйшоў на трэніроўку зборнай не ў найлепшым стане. А за дзень да гэтага футбаліста нібы бачылі ў піўной рэстарацыі разам з калегамі Мікітам Корзунам, Дзмітрыем Алісейкам, Антонам Сарокам і Паўлам Савіцкім. Балельшчыкі такія неспартовыя паводзіны цяпер лічаць асноўнай прычынай гучных пройгрышаў зборным Швецыі і Люксембургу. Ці лічыцца нормай для нашых футбалістаў выпіваць перад матчамі, Еўрарадыё даведалася ў былых гульцоў нацыянальнай зборнай.

“Звычайна “старыя” выпівалі пасля гульняў, — згадвае Аляксандр Глеб. — Ехалі хто дамоў, хто куды, але я дакладна не ведаю, як яно было, бо свечку ж не трымаў. Але чаму б не выпіць куфаль піва, калі выйгралі. Думаю, кожны сабе гэта дазваляў. Усё роўна спаць пасля гульні не хочацца, бо ты на эмоцыях, адрэналін. Чаму б не сесці з хлопцамі ў нумары, не абмеркаваць гульню. Але нажырацца — канечне, трызненне. На наступны ж дзень трэніроўка, усё ж дарослыя людзі і павінныя быць адказнымі. Тым больш раней, калі прыходзілі ў зборную, дык глядзелі толькі ў падлогу, баяліся вочы падняць і што-небудзь сказаць. Калі быў малады, дык увогуле ніколі не піў. А цяпер іншыя часы, цяпер моладзь што пажадае, тое і робіць, але гэта на іх сумленні”.

Па словах Яна Цігарава, піва пасля гульні — абсалютна нармальная з’ява для футбола, галоўнае не напівацца. Але п’янак паміж матчамі, калі Ян выступаў за зборную, не было. Для гэтага ёсць асобныя дні.

“Існуе такое паняцце, як дзень прыезду і дзень ад’езду, калі футбалісты могуць сабе дазволіць трошкі адпачыць, — гаворыць Ян Цігараў. — Але вось так проста разважаць пра плёткі… Тут жа трэба ведаць дакладна, наколькі яны былі п’яныя і гэтак далей. Можна ж пасля адной пасядзелкі адыходзіць тры дні, а можна паесці, выпіць па пары куфляў піва і назаўтра прачнуцца агурком. Натуральна, што калі моцна напіліся за дзень-два да матча, то гэта адаб’ецца на гульні. А сказаць можна ўсё што заўгодна. Можа, людзі выпілі па пары піва, а напісалі, што яны спустошылі бар. Калі б я з імі сядзеў у гэты час, то я б вам распавёў. А так…”

Нават былы трэнер зборнай Беларусі Юрый Пунтус не забараняў выпіваць пасля матчаў, але толькі піва і толькі ў меру. А аднойчы, у першы дзень збораў, арганізаваў вечарынку для футбалістаў і іх сем’яў.

“Гэта была знакамітая база “Стайкі”, дзе я і прапанаваў хлопцам запрасіць блізкіх і адпачыць, — гаворыць трэнер. — Мусіць, гэта было перад Албаніяй — мая першая афіцыйная гульня. Было гэта за два дні да. Хлопцам было дазволена выпіць па фужэры шампанскага ці віна, але гэта было ва ўсіх на вачах, і п’янкі быць не магло па вызначэнні. А што да піва пасля гульні, то гэта ўвогуле можна назваць рэцэптам на аднаўленне. Галоўнае, каб куфаль не перарос у дзесяць куфляў, а потым і ў моцныя напоі. Але куфаль і нават два ці тры піва пасля гульні, калі чалавек губляе шмат вагі і вільгаці, — абсалютна нармальна”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі