Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічае ў з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў
Мерапрыемства пройдзе ў пятніцу ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў.
У пятніцу, 22 траўня, Аляксандр Лукашэнка паўдзельнічае ў VII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Пра гэта паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу кіраўніка дзяржавы.
З'езд пройдзе ў рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў. Як чакаецца, у ім возьмуць удзел больш за 500 дэлегатаў з усёй краіны. Акрамя Лукашэнкі, мерапрыемства наведаюць і іншыя вышэйшыя службовыя асобы. Хто менавіта, не паведамляецца. Раней прэс-сакратар прэм’ер-міністра Вольга Доўгая паведаміла Еўрарадыё, што мерапрыемства збіраўся наведаць Андрэй Кабякоў. Будуць на з'ездзе і госці з замежжа.
Нагадаем, што з 2014 года ФПБ кіруе Міхаіл Орда, былы кіраўнік Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.
Фота: ria.ru