Аляксандр Лукашэнка пайшоў вучыцца на бізнес-менеджара
Аляксандр Лукашэнка-малодшы (вылучаны) разам з сям'ёй / Еўрарадыё
Унук Аляксандра Лукашэнкі вучыцца ў Інстытуце бізнесу БДУ. Еўрарадыё даведалася гэта дзякуючы "Кіберпартызанам", якія ўзламалі базы Белдзяржуніверсітэта.
Аляксандр Лукашэнка-малодшы — сын Віктара Лукашэнкі і ўнук Аляксандра Лукашэнкі. Сёлета яму споўніцца 19 гадоў. Ён не такі публічны, як дзеці беларускага палітыка, але часам трапляў у камеры беларускіх дзяржСМІ — напрыклад, калі ездзіў разам з бацькамі ўдзельнічаць у акцыях "Нашы дзеці" або наведваў афіцыйныя мерапрыемствы.
Як высветлілася, у адрозненне ад свайго 18-гадовага дзядзькі Мікалая Лукашэнкі, Аляксандр Лукашэнка-малодшы вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю ў Беларусі. Ён вывучае бізнес-адміністраванне з англійскай мовай у БДУ. Дарэчы, навучанне там выключна платнае.
Удалося паглядзець адзнакі хлопца. Па выніках першага курса сярэдні бал ва ўнука Лукашэнкі — 9,5.
На "выдатна" Аляксандр Лукашэнка-малодшы здаў, вядома, "гісторыю беларускай дзяржаўнасці", а таксама "арганізацыю прадпрымальніцкай дзейнасці", АБЖ, азнаямленчую практыку і філасофію. Астатнія адзнакі — "дзявяткі".
Цікава, што выкладаюць у хлопца ў асноўным маладыя людзі. Некаторыя з іх — былыя стыпендыяты фонду, заснаванага Аляксандрам Лукашэнкам-старэйшым.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.