Аляксандр Марозаў у клубе Святланы Алексіевіч: кароткі канспект
Фота: радыё "Свабода".
20 красавіка ў інтэлектуальным клубе Святланы Алексіевіч выступіў расійскі публіцыст Аляксандр Марозаў. Яго лекцыя была прысвечана "постпраўдзе", адрозненню гэтага панятку ад нашых старых знаёмых "дэзінфармацыі" і "прапаганды", і трансфармацыі медыя пад яго ўплывам.
Падчас сустрэчы мы склалі невялікі канспект з таго, што казаў Аляксандр Марозаў, а таксама з думак, якія выказваліся ў пытаннях беларускіх інтэлектуалаў да яго.
"Дэзінфармацыя спыняе існаване пасля выкрыцця; постпраўда — гэта такая хлусня, якая выкарыстоўваецца нават пасля абвяржэння".
"Семантычная вайна".
"Мы знаходзімся ў сітуацыі, калі "дакладнасць", "аб'ектыўнасць", "факт" перасталі быць сабой". Слова "фактоід" = фактам з'яўляецца не тое, што было, а тое, што трапіла ў газеты.
"Фактоід" валодае рысамі падабенства да праўды. Кожны "факт" не толькі ўключаны ў кантэкст, але і адпавядае "нарматыўнасці". Калі "нарматыўнае апавяданне" атрымліваецца разбурыць і нейтралізаваць, у людзей з'яўляюцца сумневы ў пэўнасці любога "факту".
"Усё можа быць фоташопам" — прыклад разбурэння нарматыўнага дыскурсу. Рэабілітацыя Берыі таксама можа быць прыкладам разбурэння нарматыўнасці. Тыя, хто супраціўляецца гэтаму, апелююць да дакументаў. "Але хто аўтары гэтых дакументаў?" — пытаюцца ў іх. Кожная крыніца можа быць інтэрпрэтаваная як зламысная".
"Медыядзейнасць апісваецца як барацьба за ўвагу".
"Змяняецца характар аўтарства. Яшчэ 30 гадоў таму аўтар быў кваліфікаваным чалавекам, які "10 тысяч гадзін" прысвяціў вывучэнню канкрэтнай праблемы. Калі ён выказваўся, аўдыторыя лічыла, што трэба прыслухацца. А сучасная сітуацыя выглядае як "усе ведаюць ўсё". "Эксперты" цалкам замяніліся на "гуру" — лідараў меркаванняў".
"Крэмль маштабна і мэтанакіравана выкарыстоўвае магчымасці постпраўды для стварэння пэўнага тыпу палітычнага дзеяння. Так дзейнічаюць шматлікія палітычныя сілы ў гэтым свеце. Але больш маштабная праблема — пазіцыя чалавека ў гэтай схеме".
"Перад абліччам постпраўды чалавек будзе адступаць да сябе. Яму няма на што абаперціся ў якасці праўды, але застаецца простая логіка таго, што называецца "падзея". Незалежна ад таго, як ён перабірае ў сваёй галаве магчымыя наступствы, у пэўнай сітуацыі ён павінен зрабіць выбар. Чалавек вырашаецца і здзяйсняе крок. На падставе чаго? Назавём гэта "сістэма прынцыпаў". Якіх? Імкненне мінімізаваць гвалт. Прынцыпова ўважлівае стаўленне да Іншага. Імкненне засцерагчы сябе ад залішніх формаў калектыўнасці".
На гэтым лекцыя скончылася. Аляксандр Марозаў перайшоў да адказаў на пытанні
"Уявім сабе, што мы перажываем другое — сеткавае — паўстанне мас".
"Вынікам з'яўлення "мільярда магчымасцяў казаць што заўгодна" павінна стаць перазагрузка грамадства. Новае паўстанне мас павінна само з сябе спарадзіць новую форму самаасэнсавання".
Святлана Алексіевіч: "Новае паўстанне мас — гэта паніжэнне цывілізацыі. Але а) Размытае паняцце, што добра, а што дрэнна; б) Маса раздзяляе ўсе сэнсы на нейкія кавалачкі".
"Новы папулізм".
"Людзі, якія падымаюцца з крытыкай "істэблішменту", спрабуюць змагацца за нейкія элементы свайго жыццёвага свету. Яны пратэстуюць не таму, што ідэалагічна не задаволеныя, або, скажам, ім не падабаецца міграцыя. Яны знаходзяцца ў стане трывогі, якую спараджае знешні свет".
"Артэга-і-Гасэт пісаў, што людзі раней мелі сваё меркаванне, але былі пасіўныя, а цяпер "ва ўсіх ёсць ідэі". І гэта было ў 1929 годзе".
"Канспіралагічныя версіі падзеяў заўсёды існавалі. Але яны ніколі не санкыянаваліся з такой вышыні, на якой знаходзіцца, напрыклад, Дональд Трамп".
"Добрая навіна ў тым, што новыя формы калектыўнасці, якія прывядуць да самагубства, фармуюцца не па ўсёй планеце, а ў пэўных яе частках. У іншых частках будзе выпрацаваны імунітэт".
Валерый Карбалевіч: "Кожная ідэалогія, як і кожная рэлігія, гэта і ёсць постпраўда".
"Мэтай постпраўды з'яўляецца не стварэнне карціны свету, а стварэнне размытасці карціны свету".
"Хлусня ў старым сэнсе слова ў свеце постпраўды робіцца адным з элементаў інструментара".
"У ХХ стагоддзі хлусня ўспрымалася як выклік. Як тое, на што трэба было адказаць. Зараз хлусня — гэта прыкольна! Давайце падкідваць яе ў паветра, давайце з ёю гуляць!"
"Людзі могуць жыць далей ва ўмовах, калі не патрабуецца ні абвяржэнне, ні пацвярджэнне".
"Патэнцыял праўды".
Сяргей Чалы: "У чым постсіла, брат? У постпраўдзе!"
У пытанні фармулюецца: "Давер як сацыяльны рэсурс у свеце постпраўды".
"Давер захоўваецца на міжасабовым узроўні і да асобных палітычных інстытутаў".
"Канцэпцыя грамадскай дамовы накрылася медным тазам. Палітычны кансэнсус працуе па-іншаму".
"Грамадства, што сутыкаецца са спробай семантычнай вайны супраць сябе, павінна абараняцца. Але эфектыўнай абароны няма. Ніхто не ведае, як змагацца з арганічнымі элементамі постпраўды, якія выкарыстоўваюць людзі. Дзеянні ў галіне медыя самі па сабе гэтай праблемы не вырашаць, на яе павінныя адказваць ўсе інстытуты грамадства адразу".