Амерыканцы Zebrahead прымусілі клуб спяваць “Peace da”

У “Рэпабліку” зноў зашкальвае гук, ажно да глухаты. Гэтым разам калоцяць па бубнах і піляць на гітарах бадзёрыя амерыканскія музыкі Zebrahead. Каралі “зебрагаловага каралеўства” заязджаюць да нас у межах свайго ўкраінска-беларуска-расійскага туру ў падтрымку альбома “Call your friends”.

Zebrahead граюць у жанры панк-рок, праўда, панку у іх музычнай мікстуры значна больш, чым року. Асабліва гэта адбіваецца на паводзінах! Яны бесцырымонна жартуюць са сцэны, нават часам на недзе вывучанай расійскай. “Беларусь — очень красивая девушка", — кажуць Zebrahead спачатку, а пасля рэжуць: “Пастаўце далоні адна да адной, абліжыце і скажыце “Peace da!” О, так! Гэта гімн “вагіне міру”!”

Яшчэ адна вясёлая панк-фішка “Зебрагаловых”, якую немагчыма не адзначыць, — гэта бар проста на сцэне. У складзе гурта ёсць свой бармен, які паралельна яшчэ і бэк-вакаліст! Хлопец  прыдумаў сабе сапраўдную “працу мары”: разліваць падчас канцэрта калегам піва з кактэйлямі і між іншым падпяваць. Яму ўвогуле па жыцці шанцуе: вечарам пасля канцэрта Еўрарадыё сустрэлася з ім у гасцінічным бары, і ён усіх частаваў “шотамі” — пасля канцэрта скарыстаўся магчымасцю гульнуць у казіно (у Штатах казіно ёсць толькі ў спецыяльных месцах кшталту Лас-Вегаса) і выйграў 4 мільёны ў “Блэкджэк”.

Што да музычнай каштоўнасці Zebrahead, то гэта зусім не тое, на што можна ставіць акцэнт. Весельчакі вясёлыя, ну і хопіць. Усе песні гурта, па шчырасці, — гэта варыяцыя аднаго і таго ж запілу, але публіку гэта мала турбуе. Людзі прыходзяць на іх канцэрт па энергічную валтузню, а не па музыку. На танцпляцы ўвесь час якасны слэм, штохвіліны нехта стэйдждайвіць, робіць сэлфі з музыкамі, ставіць ім рожкі, абдымацца — адбываецца неверагодна шчыльны фанацкі трафік са сваімі страсцямі:

“П**це Эдзіту П’еху слухаць у Палац Рэспублікі, там дакладна на вас зверху ніхто не зваліцца”, — адказваюць хлопцы дзяўчатам, якія скардзяцца на занадта частыя скачкі са сцэны.

А вось артыстам такія паводзіны публікі зусім не замінаюць. Яны без перапынку лупасяць свае панкава-рэвалюцыйныя песні то пра “піва”, то пра “дзевак”. А часам спыняюцца і заціраюць сур’ёзныя рэчы:

“Калі нехта ў гэтым свеце прымушае вас думаць, што вы не маеце голасу ці ваш голас няважны, то пасылайце гэтых людзей як найдалей. Вы — такія ж разумныя, як і ўсе ў гэтым свеце. Ніколі, чуеце, ніколі не забывайцеся, што вы маеце голас!” Ну што ж! Лішні раз дзякуй амерыканцам, што не даюць на гэта забывацца. 

Фота: Аляксей Крапіцкі, 4fs.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі