Анатоль Капскі расказаў, калі БАТЭ можа перайсці на беларускую мову
Старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі расказаў, калі яго каманда можа перайсці на беларускую мову. Адбылося гэта ў Барысаве ў Доме культуры ААТ "БАТЭ" на сустрэчы футбалістаў і кіраўніцтва клуба з заўзятарамі каманды.
Адзін з заўзятараў задаў пытанне: "Многія клубы ўсё больш актыўна пераходзяць на беларускую мову. У вас ёсць такія планы?". Анатоль Капскі адзначыў, што не хацеў, каб гэта была "даніна модзе". "Мы пяройдзем тады, калі зразумеем, што без гэтага не можам жыць, — цытуе словы Капскага прэс-служба ФК БАТЭ. — Да гэтага насамрэч трэба імкнуцца. Але мне вельмі не падабаюцца імгненныя рашэнні. Ёсць зараз нейкі трэнд, істэрыя, але нават у гэтай зале шмат людзей, для якіх Беларусь — родная краіна. Але руская мова родная, таму што яны — этнічныя рускія. Мы вам абяцаем, што калі прыйдзе час, мы пяройдзем на беларускую".
Як вядома, некалькі беларускіх футбольных клубаў вышэйшай лігі, у тым ліку і "Крумкачы", будуць актыўна выкарыстоўваць беларускую мову. А вось на прэзентаванай форме БАТЭ на сезон 2016 года надпісы выкананыя на рускай мове.