Андрэй Дзмітрыеў: Ідзе працэс расслаення як апазіцыі, так і ўлады

Андрэй Дзмітрыеў: Ідзе працэс расслаення як апазіцыі, так і ўлады

Канферэнцыя памяці міністра абароны БНР Кіпрыяна Кандратовіча праходзіць у Мінску 27 лютага, выступаюць там розныя эксперты, у тым ліку палітыкі. Мерапрыемства мае ўсе шанцы прайсці незаўважаным для больш-менш шырокай публікі. Мае, але не праходзіць. Адразу з дзвюх прычынаў. Па-першае, там выступае адзін з кіраўнікоў “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў. Па-другое, там прысутнічае журналіст Радыё Свабода.

Дзмітрыеў выступае з дакладам “Новая палітычная рэальнасць. Ці ёсць месца для новых падыходаў і рашэнняў”. Журналіст піша матэрыял пад загалоўкам “Дзмітрыеў выступіў з рэвалюцыйным тэзісам: падзел на ўладу і апазіцыю ўжо неактуальны”.

 

“Я не тое меў на ўвазе”

У каментары Еўрарадыё Андрэй Дзмітрыеў гаворыць, што журналісты інтэрпрэтавалі яго словы. Больш правільна будзе сказаць, што ідзе працэс расслаення як апазіцыі, так і ўлады. “Пачаўся відавочны падзел. І самае галоўнае, я падкрэслю, ён пачаўся ў публічнай прасторы. І далей будзе нарошчвацца канфлікт. Паміж гэтымі двума крыламі — рэтраградамі і рэфарматарамі. Цяпер пакуль што зразумела, што рэтраграды нашмат мацнейшыя. У іх значна больш рэсурсаў. Я маю на ўвазе розных — і рэсурсаў фінансавых, і рэсурсаў уплыву непасрэдна на сітуацыю”, — гаворыць Дзмітрыеў.

Палітык мяркуе, што галоўны рэсурс рэфарматараў ад улады — крызіс у эканоміцы. А 2016 год будзе годам, які пакажа, ці здольныя рэфарматары ад улады ўплываць на палітыку дзяржавы. Калі гэтага не адбудзецца, нас у 2017—2018 гадах чакае новы віток рэпрэсій і ўзмацнення ціску, мяркуе Дзмітрыеў.

Што да рэфарматараў і рэтраградаў ад апазіцыі, то тут сітуацыя, на думку палітыка, крыху іншая. Рэфарматараў у апазіцыі больш, асабліва сярод шараговых актывістаў:

“Для мяне відавочна, што калі казаць пра чалавечы рэсурс, то сёння рэфарматараў больш сярод дэмакратычных сіл. Я не кажу, што сярод лідараў, я маю на ўвазе шараговых актывістаў. Бо калі ты 20 гадоў у нейкім мястэчку змагаешся з уладай і бачыш, што вакол цябе людзей толькі менее, то становіцца відавочным, што трэба змяняць падыход”.

 

“Гэта ўсё несур’ёзна”

Пытаемся ў нязменнага кіраўніка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, што ён думае пра выказванні Дзмітрыева. Лідар АГП гаворыць, што пра з’яўленне рэфарматараў ва ўладзе можна разважаць хіба што ў Дзень дурня:

“Мы гэта цяпер сур’ёзна абмяркоўваем альбо як? Бо я думаю, што гэта тэма для 1 красавіка. У нас што, ужо пачалося братанне з чыноўнікамі? У нас ужо няма палітычна матываваных судовых працэсаў? У нас няма канвеера штрафаў? У нас ужо ёсць свабодныя сумленныя выбары?” — задаецца рытарычнымі пытаннямі Лябедзька.

Лідар АГП перакананы, што на сённяшні дзень заўчасна гаварыць пра падзел улады на рэфарматараў і рэтраградаў. На думку Анатоля Лябедзькі, пра наяўнасць рэфарматараў сярод чыноўнікаў можна будзе гаварыць тады, калі яны пачнуць адкрыта аб гэтым заяўляць на нарадах у Лукашэнкі:

“Яно праяўляецца праз дзеянні. Рэфарматарства не праяўляецца праз выказванні. Праз нейкія гучныя заявы. Калі ёсць блок рэфарматараў, яны павінныя пра гэта заявіць, сказаць, што ім патрэбныя такія рэформы. 1-2-3. І сфармуляваць ясна сваю пазіцыю. Прыйсці да Лукашэнкі на нараду і сказаць: наша пазіцыя такая, і мы з вамі не згодныя”, — перакананы палітык.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі