Андрэй Дзмітрыеў выступіў з пасланнем дэпутатам і народу на плошчы Незалежнасці
Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў у 9:00 выступіў на плошчы Незалежнасці з пасланнем беларускаму народу і дэпутатам.
Ён нагадаў ім, што парламент мае права прызначаць выбары. Дзмітрыеў прапанаваў дэпутатам прызначыць новыя выбары — без палітвязняў, з сумленным падлікам галасоў.
"Але выбары не будуць сумленнымі, калі мы памяняем толькі прэзідэнта, а пакінем дэпутатаў", — дадаў палітык. Ён прапанаваў дэпутатам рыхтавацца і да новых парламенцкіх выбараў.
Дзмітрыеў заявіў, што трэба разабрацца з мінулым, каб ісці ў будучыню. У прыватнасці, ён прапанаваў стварыць парламенцкую камісію па расследаванні каранавіруса. Па словах палітыка, мы павінныя ведаць усіх, хто хлусіў падчас эпідэміі замест таго, каб даваць праўдзівую інфармацыю і дапамагаць у змаганні з распаўсюдам інфекцыі.
Ён згадаў блогера-трактарыста з Хойнікаў Яўгена Васількова, асуджанага за свае відэасюжэты, а таксама вялізныя рахункі, выстаўленыя Чырвонаму касцёлу ў Мінску. "Гэта адбылося пасля заклікаў католікаў лічыць галасы на выбарах сумленна", — заявіў Дзмітрыеў.
Кандыдат у прэзідэнты заклікаў ісці на галасаванне толькі 9 жніўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.