Апазіцыйныя сілы выступілі супраць адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Казахстан
Апазіцыйныя сілы Беларусі выступілі супраць адпраўкі беларускіх вайскоўцаў у Казахстан. Сумесную заяву прынялі Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйны савет і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне.
У ёй падкрэсліваецца, што "падзеі ў Казахстане з'яўляюцца унутраным палітычным канфліктам" і "няма фактаў, якія пацвярджаюць, што крызіс выкліканы знешняй агрэсіяй". Таму дамова аб калектыўнай бяспецы ў даным выпадку не дазваляе адпраўляць войскі АДКБ, мяркуюць беларускія апазіцыянеры.
"Увод войскаў можа на многія гады ўскладніць сяброўскія адносіны паміж беларускім і казахскім народамі, — гаворыцца ў заяве. — Ваеннае ўмяшанне ва ўнутраны канфлікт у Казахстане супярэчыць нацыянальным інтарэсам Беларусі".
Аўтары заявы не выключаюць, што рашэнне ўладаў Беларусі можа прывесці "да значных людскіх і матэрыяльных страт, і шкоды міжнароднай рэпутацыі нашай краіны". Яны падкрэсліваюць, што рашэнне пра адпраўку беларускіх вайскоўцаў прыняў чалавек, "пазбаўлены легітымнасці па выніках выбараў 2020 года".
"Мы выказваем упэўненасць, што бягучы крызіс можа быць вырашаны народам Казахстана самастойна праз шырокі ўнутраны дыялог і дэмакратычныя працэдуры, — гаворыцца ў заяве беларускіх апазіцыйных сіл. — Замежнае ваеннае ўмяшанне ва ўнутраны палітычны канфлікт будзе мець негатыўныя наступствы як для суверэнітэту Казахстана, так і для бяспекі ўсяго рэгіёну".
Раней адпраўку беларускіх вайскоўцаў у рамках місіі АДКБ у Казахстан асудзіла ў асобнай заяве Святлана Ціханоўская.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.