Апеляцыю па справе пра "нуль праміле" разгледзяць праз месяц
У Мінскім гарадскім судзе 20 красавіка ў 14:00 адбудзецца разгляд апеляцыі па справе пра "нуль праміле", піша TUT.by. Апеляцыю будуць разглядаць за зачыненымі дзвярыма, бо закрытым быў і суд першай інстанцыі. Абвінавачаную на разгляд могуць і не прывезці.
Журналістку TUT.by Кацярыну Барысевіч і доктара Арцёма Сарокіна асудзілі 2 сакавіка, прызнаўшы вінаватымі ў разгалошванні медыцынскай таямніцы: яны паведамілі, што забіты ў лістападзе 2020-га Раман Бандарэнка быў цвярозы. Гэтыя звесткі супярэчылі афіцыйнай заяве Следчага камітэта і словам Аляксандра Лукашэнкі. На думку пракуратуры, гэта выклікала "павышаную напружанасць у грамадстве, стварэнне атмасферы недаверу да кампетэнтных дзяржаўных органаў, падахвочванне грамадзян да агрэсіі і супрацьпраўных дзеянняў".
Барысевіч прызначылі паўгода пазбаўлення волі, Сарокіну — два гады з адтэрміноўкай на год, ён выйшаў на волю.
Пракуратура апратэставала прысуд журналістцы, бо палічыла яго празмерна мяккім. Абарона лічыць, што Барысевіч трэба апраўдаць, бо яе віна не даказаная.
Пакуль прысуд не набыў моц, Кацярыну Барысевіч трымаюць у следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Пад вартай яна знаходзіцца ўжо чатыры месяцы. Калі прысуд не будзе зменены, журналістка павінна выйсці на волю 19 траўня.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.