Аптэкар: Вось, выклікалі хуткую пацыентам. Хутка сабе выклічам

“Да прыкладу, у чалавека няма шчытападобнай залозы, яму зрабілі аперацыю, новая яна не вырасце. Яму пажыццёва(!) трэба прымаць прэпараты, яны выдаюцца толькі па рэцэпце. А цяпер яму трэба ісці да доктара і выпісваць, а талончыка ж не дабіцца!” — абураецца аптэкарка. Праблемы пачаліся і ноччу — гэта кругласутачная аптэка і многія пацыенты прыходзяць з моцным болем.

“А я не магу даць ім лекі, бо выпіску доктара да справы не прышыеш! Мне вельмі іх шкада, але я адмаўляю ў выдачы лекаў. А што рабіць? Трэба каб міністэрства неяк разабралася, бо гэтак нельга. Гэта ж здзек з людзей!”

Ужо 10 дзён аптэкары працуюць па новай пастанове Міністэрства аховы здароўя № 66. Згодна з дакументам, рэцэпты на лекі застаюцца ў аптэцы цягам месяца.

Галоўны доктар паліклінікі № 26 Мінска Сяргей Бяляеў кажа, што быццам бы пакуль дактары не адчулі, што стала больш праблем з выпіскай рэцэптаў: іх выпісвае медсястра, а доктар між тым заняты пацыентам. Можна ж выпісваць рэцэпты, датуючы іх рознымі датамі — гэтак можна выпісаць шэсць рэцэптаў на паўгода. Доктар уносіць справядлівую прапанову — электронны рэцэпт!

“Вось каб быў нейкі электронны рэцэпт, каб у аптэцы адразу бачна было, якому пацыенту што выпісваюць”, — прапаноўвае спецыяліст. Па яго меркаванні праблема са спробамі патрапіць да доктара на прыём і чэргі быццам бы за выпіскай надуманая. Тыя, хто захоча выпісаць рэцэпт, зробіць гэта абавязкова.

Ананімна дактары прызнаюцца, што праблем і пацыентаў пабольшала, вырасла нагрузка. Гэта, пэўна, плата за заробкі медыкам, якія выраслі.

З новай сістэмай паспела сутыкнуцца і карэспандэнт Еўрарадыё. У аптэцы мне трэба было набыць "Гентаміцын" у ампулах —  10 ампул каштуюць 5500 рублёў. Гэта антыбіётык, прапісаны доктарам, пацверджаны пячаткай доктара і медустановы. Але без рэцэпта.

“Мне патрэбны ваш рэцэпт. Ён застанецца ў аптэцы на месяц, новая пастанова нядаўна выйшла”, — адмаўляюць у аптэцы ў выдачы лекаў. Аббегаўшы з языком на плячах усе аптэкі ў маім раёне, прыходжу на высновы, што не толькі я сутыкнулася з такой праблемай — з тымі, у каго рэцэпта няма, забыўся дома, згубіў фармацэўты нават не гаварылі, разварочвалі пры першых жа словах пра рэцэпт.

Фармацэўт прыватнай аптэкі Людміла кажа, што акурат сёння яны выклікалі хуткую кліенту — ад крыку і перажыванняў яму стала дрэнна прама ў аптэцы.

“Яму выклікалі хуткую, зараз сабе будзем выклікаць, бо працаваць немагчыма. Многія пішуць скаргі, але мы лепей скаргу прымем — яна абгрунтаваная, чым не сыдуцца рэцэпты і колькасць лекаў. Нас пазбавяць прэміі”, — кажа Людміла.

Яна мяркуе, што можа павялічыцца колькасць фальшывых рэцэптаў ці многія пачнуць выпісваць лекі сабе самі — праз сватоў-родных будуць набываць бланкі рэцэптаў і падробліваць дадзеныя.

Правізар кажа, што мо яно з аднаго боку і правільна, што рэцэпты забіраюцца, бо многія, да прыкладу, маладыя дзяўчаты, купляюць па адным рэцэпце супрацьзачаткавыя, прымаюць без назначэння доктара, а потым не могуць зацяжарыць. Але працаваць стала горш з-за нерваў.

У афіцыйным каментарыі Пастановы Міністэрства аховы здароўя № 66 сказана, што гэта нібыта “выклікана неабходнасцю ўдасканалення забеспячэння лекамі, у тым ліку, і з мэтай выключэння самалячэння”.

Мы вырашылі патрапіць да гінеколага ў звычайную абсалютна звычайную паліклініку № 17, што ў Заводскім раёне Мінска — па законе супрацьзачаткавыя сродкі таксама павінны прадавацца па рэцэпце. Вынік — запісалі толькі на сярэдзіну наступнага месяца!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі