Архітэктар пра знос Асмалоўкі: Там захаваўся ўнікальны дух суседства
Мінскі раён Асмалоўка можа пайсці пад знос. Двухпавярховыя дамы пасляваеннай забудовы ў раёне вуліц Старавіленская — Кісялёва — Багдановіча — Куйбышава архітэктары “Мінскграда” прапануюць замяніць на 5- і 6-павярховыя.
Замест раёна, спраектаванага архітэктарам Міхаілам Асмалоўскім (адсюль і назва), можа з’явіцца новы раён з падземнымі паркоўкамі і гандлёвым цэнтрам “Старажоўскі”. Паводле задумы аўтараў праекта, насельніцтва раёна вырасце з 1,8 тысячы чалавек да 3,4 тысячы. Старыя двухпавярховыя дамы, якія ўзводзілі яшчэ немцы пасля вайны, не захаваюцца.
Чаму менавіта Асмалоўку варта захаваць, гаворым з архітэктарам Іллём Яцэвічам.
Еўрарадыё: У чым усё ж вартасць гэтай Асмалоўкі? Можа, хай зносілі б…
Ілля Яцэвіч: Гэта адзін з мінскіх раёнаў, якіх даволі няшмат. Гэта цэльны раён, які мае сваю атмасферу, бо комплексна спраектаваны. У яго ёсць душа і ён уяўляе каштоўнасць з архітэктурнага боку. Там унікальная забудова, і планіровачная структура стварае ўнікальныя адносіны паміж жыхарамі, захоўвае той дух суседства, які туды ўкладваўся, дух гарадской прасторы для жылля. А такой прасторы ў Мінску бракуе.
Еўрарадыё: Ці можна ўпісаць у гэты раён новыя элементы, але захаваць яго?
Ілля Яцэвіч: Калі нейкая рэканструкцыя і неабходная, то ёсць розныя падыходы. Можна было б правесці рэнавацыю раёна і ўключыць туды новую забудову, адпаведную той, што існуе. Можа быць, некаторыя дамы можна рэканструяваць. Можна адсяліць пэўную частку жыхароў і зрабіць гэты гандлёвы цэнтр, калі ўжо так неабходна. Але не зносіць цалкам — гэта самы неабдуманы варыянт.
Еўрарадыё: Шмат разоў звярталіся ў Мінкульт, каб надаць раёну статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, чаму гэтага не зрабілі?
Ілля Яцэвіч: Існуе шмат чыннікаў. Падобны па планіроўцы будаўнічы пасёлак каля Трактарнага завода таксама не зрабілі гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
Еўрарадыё: А ці можна нешта змяніць на грамадскім абмеркаванні?
Ілля Яцэвіч: Былі пазітыўныя прыклады. Калі абмяркоўвалі праект дэтальнага планавання мінскага раёна Зялёны Луг, яго адправілі на дапрацоўку, бо жыхары былі супраць. Было тое ж самае з гатэлем на Гарадскім Вале ў Мінску, гэты праект ці то адаслалі на дапрацоўку, ці то наогул ад яго адмовіліся.
Еўрарадыё: І ў інвестара могуць закончыцца грошы на Асмалоўку?
Ілля Яцэвіч: Такіх прыкладаў шмат. Інвестар можа і нічога не паспець пабудаваць, як, напрыклад, дэпо на вуліцы Чырвонай у Мінску. Зруйнаваць заўсёды можна. Але каштоўнасць новага можа быць непараўнальна ніжэйшай.
Прэзентацыя праекта забудовы адбудзецца 26 чэрвеня ў 18:30 у будынку адміністрацыі Цэнтральнага раёна (Мельнікайтэ, 6).
Глядзець размову цалкам можна тут: