“Асмалоўку зносіць не будуць, цяпер мы самі ёй зоймемся”
Мінскія ўлады адмовіліся ад зносу квартала пасляваеннай двухпавярховай забудовы — Асмалоўкі. Такое рашэнне агучыў падчас паседжання наконт праекта забудовы Асмалоўкі галоўны архітэктар горада Павел Лучыновіч.
Як удалося ўратаваць квартал і што з ім будзе далей, гаворым у студыі з прадстаўніком ініцыятыўнай групы па абароне Асмалоўкі Андрэем Эзерыным.
Прапануем найлепшыя цытаты з размовы.
Пра ўплыў на гарадскія ўлады
“Было шмат памылак, якія не ўлічыў аўтар праекта дэтальнага планавання. Яшчэ раней падаваліся дакументы, каб Асмалоўцы надалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Па законе там не можа адбыцца нешта сур’ёзнае. На пазітыўнае рашэнне паўплывалі два моманты: моцны грамадскі выбух і несур’ёзны праект забудовы, па мерках мінулага стагоддзя”.
Пра далейшы лёс Асмалоўкі
“Гэта не канчатковая, але істотная для нас перамога. Трэба ладзіць сур’ёзны архітэктурны конкурс і там прапаноўваць свае рашэнні. Але не такія простыя рашэнні, як у адхіленым праекце”.
Пра “старыя каробкі” і рамонт дамоў
“Адзін з нашых жыхароў правёў тэхнічнае абследаванне свайго дома. Стан дома аказаўся задавальняючым. Насамрэч ніякага аналізу дамоў агулам не было. Зусім нядаўна мы размаўлялі з класікам беларускай архітэктуры Іванам Жураўлёвым. У Германіі такія ж перакрыцці, як у Асмалоўцы, стаяць па 200 гадоў. Тыя, хто робіць там цяпер рамонт, гэта ведаюць”.
Пра статус каштоўнасці
“Мая мэта — каб Асмалоўка набыла статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Мы разам з грамадскім аб’яднаннем “Гісторыка” працуем над стварэннем менеджмент-плана. Каб захаваць Асмалоўку і даць ёй новае жыццё. Мяркую, праз месяц-два гэтая праца будзе завершаная, і мы прадставім грамадскасці дакументы”.
Пра тое, як уратаваць свой раён ад зносу
“Калі мы пачыналі нашую справу, мы сказалі адно аднаму, што яна безнадзейная. Нас было трое, і мы пачыналі з кансалідацыі. З суботнікаў, з фестываляў. Моцным інструментам сталі сацыяльныя сеткі. З цягам часу вакол нас пачало пашырацца кола журналістаў. Нас падтрымала каля 20 розных ініцыятыў. Трэба пачынаць з малога, а пасля пашырацца, знаёміцца з людзьмі, ладзіць акцыі”.
Пра забудову старога Мінска
“Дзяржаўная машына вельмі кансерватыўная. Канцэпцыя мінулага стагоддзя — гэта гандлёвыя цэнтры, шырокія дарогі. Яна сыходзіць, але вельмі інертна. Патрэбны нейкі час, каб зразумець, што мы жывем у “зялёнае” стагоддзе. Асобныя кіраўнікі ўжо зразумелі, што трэба мяняць падыход”.