Пад аховай Мінкульта: цяпер дамы на Асмалоўцы зносіць нельга
Дамы ў сталічным раёне Асмалоўка валодаюць комплексам каштоўных гісторыка-архітэктурных якасцяў. Гэта зацверджана пастановай Мінкульта, якую сёння размясціў нацыянальны прававы партал pravo.by. Што гэта значыць? Калі коратка, будынкі на Асмалоўцы нельга будзе зносіць, перабудоўваць ці нешта да іх дабудоўваць.
З 2017 года актывісты і мясцовыя жыхары змагаліся за прызнанне забудовы ў межах вуліц Багдановіча-Кісялёва-Куйбышава-Камуністычная гісторыка-культурнай каштоўнасцю.
“З аднаго боку, можна сказаць, што мы свайго выніку не дамагліся, бо дамы не былі прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Але, з іншага боку, тое, чаго мы дамагаліся, каб было належнае стаўленне да гэтых кварталаў, каб гэтыя дамы былі па-за пагрозай зносу, было дасягнута”, — кажа Еўрарадыё Таццяна Пятрова, выканаўчы дырэктар Маладзёжнага грамадскага аб’яднання “Гісторыка”.
Асмалоўка — раён у цэнтры Мінска, пабудаваны пасля Другой сусветнай вайны для кіруючай эліты краіны. Мінскія ўлады задумалі знос Асмалоўкі некалькі гадоў таму. Квартал, які захаваў будынкі канца 1940-х—пачатку 1950-х, падаваўся ім нецікавым.
Андрэй Эзерын, мясцовы жыхар, які займаўся абаронай раёна ад зносу, кажа, што нядаўна ўлады пачалі добраўпарадкоўваць раён:
“Значныя грошы ўжо ўкладваюцца ў рамонт. Да Еўрапейскіх гульняў ужо пафарбавалі значную частку дамоў. І для нас гэта было такім ускосным пацвярджэннем таго, што штосьці рухаецца, нейкія змены ідуць і стаўленне ўладаў да Асмалоўкі змяняецца”.
На месцы Асмалоўкі ўлады хацелі пабудаваць жылыя дамы на 4-12 паверхаў з падземнымі паркінгамі, два дзіцячыя садкі, офісныя пабудовы, пасаж "Старажоўскі" і культурны цэнтр са студыяй гуказапісу "Спамаш". Супраць зносу Асмалоўкі выказаліся дзесяць тысяч чалавек, пасля гэтага ўлады ад планаў зносіць квартал адмовіліся.
Што будзе з Асмалоўкай
Цяпер пастановаю Мінкульта ў Асмалоўцы ўзводзяцца абмежаванні на забудову нават на пустках.
“Гэта не могуць быць нейкія прамысловыя прадпрыемствы, гэта не могуць нейкія будынкі, якія ствараюць вялікія грузавыя патокі. То бок нельга, напрыклад, пабудаваць гіпермаркерт, бо гіпермаркет прадугледжвае транспартныя патокі”, — кажа Таццяна Пятрова.
Пад забарону трапілі забудовы, вышэйшыя за 229 метраў па Балтыйскай сістэме вышынь. Узровень глебы на Асмалоўцы знаходзіцца на ўзроўні 210,5 метраў. То бок там нельга будзе будаваць дамы вышэйшыя за 18,5 метра.
Сваім бачаннем развіцця Асмалоўкі ў Facebook падзяліўся дызайнер Андрэй Каравянскі. Змены, па яго словах, закрануць выключна ландшафт.
“Калі выкарыстоўваць эстэтыку пасляваеннага перыяду з драўлянымі элементамі, са статуямі савецкага часу, з адпаведнымі дзіцячымі пляцоўкамі ды тэлефоннымі будкамі, то гэта ўсё не вельмі затратна выйдзе”.
Калі ўлады і мясцовых жыхароў зацікавіць праект, то Андрэй Каравянскі гатовы сабраць працоўную архітэктурную групу для яго рэалізацыі.
***
Асмалоўка знаходзіцца побач з дамамі ў межах вуліц Пашкевіч, Багдановіча, Камуністычнай і Куйбышава. Гэтыя дамы маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Сённяшнім пастанаўленнем Мінкульта была зацверджаная схема зон аховы для іх, у якую і трапіла тэрыторыя Асмалоўкі.