Перамога! Улады Мінска прынялі рашэнне не зносіць Асмалоўку
21 ліпеня ў камітэце па архітэктуры і будаўніцтве Мінгарвыканкама прайшло паседжанне наконт зноса Асмалоўкі. Улады горада вырашылі адмовіцца ад праекта дэтальнага планавання раёна, які прадугледжваў знішчэнне пасляваенных двухпавярховак.
Пра гэта Еўрарадыё паведаміў Андрэй Эзерын, які займаўся абаронай раёна ад зносу і прысутнічаў на сустрэчы ў камітэце.
"Праект дэтальнага планавання быў адхілены. Галоўная выснова сустрэчы — што ад імя галоўнага архітэктара горада прагучала — што гораду трэба прыслухвацца да грамадскасці".
Абаронцы Асмалоўкі перамаглі.
На мінулым тыдні ў Адміністрацыю Цэнтральнага раёна Мінска, да якога належыць Асмалоўка, было перададзена больш за 7 тысяч подпісаў у абарону раёна.
Мінскія ўлады задумалі знос Асмалоўкі некалькі гадоў таму. Квартал, збудаваны ў канцы 1940-х — пачатку 1950-х падаецца ім нецікавым. На яго месцы яны хочуць пабудаваць жылыя дамы на 4-12 паверхаў з падземнымі паркінгамі, два дзіцячыя садкі, офісныя пабудовы, пасаж "Старажоўскі" і культурны цэнтр са студыяй гуказапісу "Спамаш".
Гатовы праект забудовы ўжо быў прэзентаваны жыхарам раёна. А домікі, якія складаюць Асмалоўку зараз, кіраўнік Цэнтральнага раёна Мінска Ігар Бузоўскі назваў "каробкамі".