Астравецкая бібліятэка будзе насіць імя Адама Мальдзіса, нягледзячы на даносы

Адам Мальдзіс / З архіву Еўрарадыё​
Адам Мальдзіс / З архіву Еўрарадыё​

Бібліятэка ў Астраўцы будзе насіць імя ўраджэнца горада Адама Мальдзіса, нягледзячы на скаргі "неабыякавых грамадзян". На ліст, у якім патрабавалі перайменаваць бібліятэку, прыйшоў адказ з упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкаму.

"Прынятая пастанова не прыбіраць імя А. Мальдзіса з бібліятэкі", — гаворыцца ў адказе.

Чыноўнікі адзначылі, што ва ўпраўленне культуры прыйшла не толькі скарга на тое, што бібліятэцы надалі імя Мальдзіса, але і зварот у падтрымку гэтай ініцыятывы. Мальдзіс — не толькі выдатны дзеяч беларускай культуры і навукі, але і ўраджэнец Астравецкага раёна.

Адам Мальдзіс памёр у гэтым годзе. Ён не дажыў да свайго 90-годдзя. Шыльда на будынку бібліятэкі павінна была з'явіцца 7 жніўня, у дзень нараджэння навукоўца.

Мальдзіс даследаваў гісторыю беларускай культуры і літаратуры XVII—XIX стагоддзяў, беларуска-польскія і беларуска-літоўскія літаратурныя сувязі. Адна з самых вядомых яго кніг на гістарычныя тэмы — "Беларусь у люстэрку мемуарнай літаратуры XVIII стагоддзя: нарысы побыту і звычаяў "(другое выданне выйшла пад назвай "Як жылі нашы продкі ў XVII стагоддзі").

З пачатку 1990-х быў дырэктарам Нацыянальнага навукова-асветніцкага цэнтра імя Францыска Скарыны.

Адам Мальдзіс быў блізкім сябрам Уладзіміра Караткевіча, пра якога напісаў кнігу успамінаў "Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча: Партрэт пісьменніка і чалавека".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі