Асуджаным пераразлічаць тэрміны, праведзеныя ў СІЗА
Прынятыя змены ў Крымінальны кодэкс закрануць правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартай.
Цяпер дзень у СІЗА будзе залічвацца як паўтара дня ў калоніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму — раней лічыўся дзень за дзень. Большасць асуджаных (у тым ліку па "палітычных" артыкулах) суды накіроўваюць якраз у такія калоніі.
Гэтыя змены азначаюць, што зняволеным пераразлічаць тэрміны з улікам новых правілаў. У выніку тысячы людзей выйдуць на свабоду раней.
Як паведамляе TUT.by, у папраўчых установах пачалі ўжо складаць спісы па пераразліку тэрмінаў.
Тэрміны ў СІЗА цяпер будуць разлічвацца па такой схеме (арт. 75 Крымінальнага кодэкса):
— 1 дзень у СІЗА — гэта 2 дні пазбаўлення волі для асуджанага, які здзейсніў злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, а таксама пры адбыцці пакарання ў калоніі-пасяленні;
— 1 дзень у СІЗА — гэта 1,5 дня пазбаўлення волі ў калоніі агульнага і ўзмоцненага рэжыму;
— 1 дзень у СІЗА — 1 дню арышту (тут без зменаў);
— 1 дзень у СІЗА — гэта 2 дні абмежавання волі — гэта значыць, "хімія" і "хатняя хімія" (тут зменаў таксама няма);
— 1 дзень у СІЗА — 3 дні папраўчых работ або абмежавання па ваеннай службе;
— 1 дзень у СІЗА — 24 гадзіны грамадскіх работ.
Варта адзначыць, што для асуджаных, якія адбываюць пакаранне ў калоніях строгага, асаблівага рэжыму і турмах, нічога не зменіцца: у іх па ранейшаму лічыцца дзень за дзень, як і раней.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.