Асудзілі мінчука, які з пісталетам "наводзіў парадак" на дзіцячай пляцоўцы
Мінчук з пісталетам "навёў парадак" на дзіцячай пляцоўцы / pexels.com, ілюстрацыйнае фота
Вынесены прысуд 41-гадоваму мінчуку, абвінавачанаму ў злосным хуліганстве, паведамляе інфармагенцтва "Мінск-Навіны".
Увечары мужчына выпіваў дома, і яго сталі раздражняць крыкі з дзіцячай пляцоўкі ў двары. Ён узяў газабалонны пнеўматычны пісталет і пайшоў "наводзіць парадак".
Мужчына падышоў да лаўкі, дзе сядзелі чацвёра хлопца, два з якіх былі малалетнімі. Яны гулялі ў мабільніках і не рабілі нічога дрэннага. Мінчук назваўся міліцыянтам (хаця працуе ў клінінгавай кампаніі), стаў на іх сварыцца, не выбіраючы выразаў. Потым дастаў пісталет, стаў ім размахваць і нават прыставіў да грудзей аднаго з падлеткаў. Мужчына штурхнуў хлопца, выкрыкваў на адрас дзяцей пагрозы, у тым ліку пагражаў прастрэліць калені.
Ён запатрабаваў, каб перапалоханыя падлеткі прыбралі смецце на пляцоўцы, і сышоў, калі тыя ўсё выканалі.
На судзе мінчук прызнаў сваю віну часткова. Яму прысудзілі чатыры гады "хатняй хіміі". Прычым мужчына адразу трапіў пад амністыю: адзін год пакарання яму скасавалі. Таксама яму прызначылі прымусовае лячэнне ад хранічнага алкагалізму.
Пісталет, газавы балон і медныя шарыкі канфіскаваныя ва ўласнасць дзяржавы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.