Атручэнне навучэнцаў і кнопка для выкліку сілавікоў: што здарылася ў гімназіі №3

Гімназія №3 / yandex.by
Гімназія №3 / yandex.by

У мінскай гімназіі №3, у якой нядаўна "атруціліся вучні", чарговы скандал. Адміністрацыя папярэджвае дзяцей пра чырвоную кнопку, якую можна націснуць і выклікаць сілавікоў.

 

Вельмі страшны чалавек — наша цёця-дырэктарка

— Калі вы будзеце сябе дрэнна паводзіць, то ў мяне і на вахце ёсць чырвоная кнопка. Я магу яе націснуць, і тады прыедуць людзі з аўтаматамі і забяруць дзяцей. Пасля гэтага апавесцяць вашых бацькоў і будуць з імі размаўляць, цытуюць дырэктарку навучальнай установы ў твітары.

— Я ўбачыла гэта паведамленне учора ўвечары і вырашыла ўдакладніць, — расказвае Еўрарадыё мама аднаго вучня. — Дзіця кажа, што сапраўды іх сабралі і папярэдзілі, што калі будуць хадзіць на мітынгі або паводзіць сябе не так, як належыць у школе, то дырэктарка націсне на чырвоную кнопку і прыедуць. "Вельмі страшны чалавек — наша цёця-дырэктарка", — пракаментаваў гэта мой сын.

Чаты наконт гэтага пакуль што маўчаць, можа, не ўсе бацькі яшчэ ведаюць.

Суразмоўніца кажа, што ў краіне страшна далей жыць, бо ўжо і не ведаеш, чаго яшчэ чакаць: "Напэўна, чамусьці не таму вучаць нашых дзяцей у школе".

Муж жанчыны таксама абураны, што дзяцей збіраюць і запалохваюць. Ён кажа, што "дзяцей трэба тэрмінова ратаваць і вырываць з гэтай гімназіі".

Бацькі не бачаць сэнсу скардзіцца, калі іншых татаў і мам усё задавальняе.

— На жаль, нашы бацькі чамусьці выхаваныя так, што заўсёды з усім згаджаюцца. Вельмі мала людзей, якія пойдуць у барацьбу з сістэмай адкрыта, — рэзюмуе жанчына.

Суразмоўніца Еўрарадыё дадае, што пасля таго, як у гімназіі замест вахцёраў пасадзілі ахову, яна ператварылася ў "рэжымную ўстанову": не зайсці, не выйсці.

Отравление учащихся и кнопка для вызова силовиков: что случилось в гимназии №3
Сілавікі ў Беларусі / Еўрарадыё

Не атручэнне, а вострая кішачная інфекцыя

Пасля таго як уночы на трэцяга верасня бацькоўскія чаты трэцяй гімназіі выбухнулі паведамленнямі пра атручэнне вучняў і бацькі дваіх паскардзіліся эпідэміёлагам на востры гастраэнтэрыт дзяцей, у справу ўмяшалася Мінздароўя. Там пракаментавалі, што папярэднія фактары перадачы інфекцыі — "прадукты, якія выкарыстоўваюцца ў хатніх умовах".

Дырэктарка Наталля Пацеенка сказала, што трымае сітуацыю пад кантролем.

Што змянілася за тыдзень?

Па словах бацькоў, у гімназіі аператыўна правялі дэзынфекцыю, прыбралі бутэлькі з агульнай вадой і папрасілі навучэнцаў насіць з сабой сваю. Захады як быццам бы і былі зробленыя, але яны не вырашылі праблемы.

Дзеці працягваюць хварэць, прычым як у малодшых класах, так і ў старшых. Таты і мамы абмяркоўваюць гэта ў бацькоўскіх чатах. У тых, хто слабейшы, хвароба праходзіць цяжка: з паносам, ванітамі і тэмпературай.

— У нашага дзіцяці, якое захварэла на трэці дзень пасля першых выпадкаў, тэмпература падымалася амаль да 38 градусаў, трымалася два дні і ноч. Сын ванітаваў, у яго быў панос, — кажа суразмоўніца. — Спачатку захварэў ён, потым легла пластом я, цяпер хварэе мой муж. Мы не хадзілі ў школу, нічога там не елі і не пілі.

Так што гэта не атручэнне, а вострая кішачная інфекцыя. Калі б гэта было атручэнне, то ўсё б спынілася на першых выпадках. Цяпер дзеці хварэюць і ў малодшых, і ў старшых класах. Чула, што старшакласнікі здавалі аналізы і ў аднаго вучня аналіз паказаў інфекцыю. Думаю, што кіраўніцтва ў курсе.

Вельмі моцна перажываюць усю сітуацыю бацькі першакласнікаў. Многія сутыкнуліся з гэтым упершыню і не ведаюць, як быць.

А што тут зробіш? Вядома, можна на нейкі час закрыць школу і яшчэ раз правесці там дэзынфекцыю, але сёння закрыеш — заўтра хтосьці прынясе інфекцыю зноў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі