Аўстралійцаў не змогуць "даставаць" працадаўцы — #ІхНоравы
Кароткі агляд міжнародных навін
Працаўнікоў у Аўстраліі чакаюць прыемныя змены. Пра гэта і не толькі — у нашым чарговым аглядзе міжнародных навін!
“Ало! Дырэктар?”
Аўстралія ўвядзе закон, які дае работнікам права ігнараваць неабгрунтаваныя званкі і паведамленні ад начальства ў непрацоўны час без штрафаў, прычым працадаўцы, якія парушаюць гэтае правіла, могуць быць аштрафаваныя.
Як піша Reuters, права на такое "адключэнне" прапануецца ў рамках парламенцкага законапраекта, які абароніць правы працаўнікоў і дапаможа аднавіць баланс паміж працай і асабістым жыццём.
Такія законы, што даюць работнікам права адключаць свае прылады, ужо дзейнічаюць у Францыі, Іспаніі і іншых краінах Еўрапейскага саюза.
"Мы проста хочам сказаць, што чалавек, якому не плацяць 24 гадзіны за суткі, не мусіць быць караны, калі не знаходзіцца ў сеціве і не даступны 24 гадзіны на суткі", — заявіў прэм'ер-міністр Аўстраліі Энтані Албаніз.
У Ісландыі з новай сілай пачаў вывяргацца вулкан
У Ісландыі другі раз за гэты год пачаў вывяргацца вулкан ля горада Грындавік. Як паведамляе Іndependent, гэта ўжо трэцяе вывяржэнне за апошнія два месяцы.
Метэаралагічнае бюро Ісландыі паведаміла, што ў паўднёва-заходняй частцы краіны адбываецца вывяржэнне вулкана з трохкіламетровай расколіны на поўнач ад Грындавіка.
Як паведамляецца, вывяржэнне вулкана Сілінгарфел пачалося сёння а 6-й раніцы паводле мясцовага часу, неўзабаве пасля інтэнсіўнага ўсплёску сейсмічнай актыўнасці. Новае вывяржэнне адбылося прыкладна ў тым самым месцы, што і папярэдняе ў снежні.
Найбліжэйшы тэрмальны курорт Блакітная лагуна, адну з найбуйнейшых турыстычных славутасцяў Ісландыі, закрылі пасля пачатку вывяржэння, а гасцей эвакуявалі ў гатэлі.
У Ісландыі, размешчанай над гарачай вулканічнай мясцінай у Паўночнай Атлантыцы, вывяржэнні адбываюцца ў сярэднім кожныя чатыры-пяць гадоў.
Самым разбуральным за апошні час стала вывяржэнне вулкана Эяф'ядлаёкудль у 2010 годзе, якое выкінула вялізныя аблокі попелу ў атмасферу і прывяло да паўсюднага закрыцця паветранай прасторы над Еўропай.
Такіх тэмператур не было ніколі: студзень 2024 аказаўся самым цёплым у свеце
Мінулы студзень аказаўся самым цёплым у свеце за ўсю гісторыю, піша Reuters.
Паводле звестак Службы па змене клімату Copernicus Еўрапейскага саюза (C3S), мінулы месяц перасягнуў папярэдні самы цёплы студзень, які назіраўся ў 2020 годзе.
Нагадаем, што ўвесь 2023 год быў прызнаны самым гарачым на планеце пачынаючы з 1850-га. Паводле навукоўцаў, да павышэння тэмпературы прывяло антрапагеннае змяненне клімату і з'ява надвор'я Эль-Ніньё, якая награвае паверхневыя воды ва ўсходняй частцы Ціхага акіяна.
Як паведамляе агенцтва, кожны месяц пачынаючы з чэрвеня быў самым спякотным у свеце за ўсю гісторыю назіранняў у параўнанні з адпаведным месяцам у папярэднія гады.
Навукоўцы гавораць, што хуткае скарачэнне выкідаў парніковых газаў — адзіны спосаб спыніць павышэнне глабальнай тэмпературы.
Тым часам амерыканскія навукоўцы заявілі, што 2024-ы з імавернасцю адзін з трох будзе яшчэ гарачэйшым, чым мінулы год, і з імавернасцю 99% трапіць у пяцёрку самых цёплых гадоў.
Пісьменніца Уільямсан выходзіць з прэзідэнцкай гонкі ў ЗША
Пісьменніца Марыянна Уільямсан заявіла, што прыпыняе сваю кампанію ў якасці кандыдаткі ад Дэмакратычнай партыі на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.
"Надышоў час прыпыніць маю прэзідэнцкую кампанію", — заявіла яна ў чацвер, 8 лютага, у відэароліку, апублікаваным на яе старонцы ў сацсетцы Х, дадаўшы, што па-ранейшаму бачыць "прыгажосць" у сваёй працы і дзеяннях сваёй каманды.
Much to be grateful for… pic.twitter.com/vbSP5b8yrD
— Marianne Williamson (@marwilliamson) February 8, 2024
Уільямсан ужо спрабавала ўключыцца ў прэзідэнцкія выбары ад дэмакратаў у 2020 годзе, але выбыла з барацьбы яшчэ да таго, як за яе быў аддадзены хаця б адзін голас. Праз 4 гады за яе аддалі крыху больш за два працэнты галасоў на першых праймерыз дэмакратаў у Паўднёвай Караліне ў мінулым месяцы, у той час як дзейны кіраўнік Белага дома Джо Байдэн набраў на іх каля 96 працэнтаў, нават не ўключаны ў выбарчы бюлетэнь праз рознагалоссі з мясцовымі ўладамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.